«Малітвы Беларусі» – дабрачынныя канцэрты ў Чырвоным касцёле


Сцены Чырвонага касцёлу бачылі сёлета шмат розных падзеяў. Гэтым разам людзі сабраліся на дабрачынную серыю канцэртаў «Малітвы Беларусі».

Ужо першы канцэрт гэтай серыі пад назвай «Вечнае святло» стаўся культурнай падзеяй сталіцы: чарга па квіткі паўстала яшчэ за гадзіну да пачатку імпрэзы, а гледачы ахвотна дзяліліся меркаваннямі.

«Прачытаў у інтэрнэце і прыйшоў, бо жадаю падтрымаць вернікаў, бо сродкі будуць накіраваныя касцёлу, і таксама, каб паслухаць музыку».

«Мне падаецца, што ўсё, што цяпер робяць людзі, – яно патрэбна і важна, і яно прыгожа, таму трэба быць тут».

«Я тут адразу з некалькімі мэтамі: паслухаць класічную музыку і падтрымаць у гэтыя цяжкія часы каталіцкую супольнасць Беларусі. Гэта наша агульная справа – зрабіць усё, каб нашая Беларусь стала лепшай».

Арганізатары канцэртаў – Музычны дом «Класіка» і Цэнтр культурных ініцыятываў «ArtsKIT» – перадусім маюць за мэту дабрачынную салідарнасць: усе сродкі пойдуць на падтрыманне Чырвонага касцёлу і беларускіх дзеячаў культуры.

«Вельмі правільна зрабіць такія канцэрты, якія падтрымаюць наш народ, падтрымаюць Беларусь. І не проста гэтая серыя называецца «Малітвы Беларусі» ў Чырвоным касцёле: ён стаў знакавым месцам за гэтыя апошнія месяцы ў нашай краіне», – кажа кіраўніца цэнтру культурных ініцыятыў Кацярына Саладуха.

Творы класічнай музыкі – Моцарта, Шуберта, Гендэля – прагучаць у выкананні хору, аркестру і оперных спевакоў – удзельнікаў дабрачыннага праекту.

«Я ведаю вельмі шмат музыкантаў, якія проста нават мараць удзельнічаць у тым, дзе можна выказаць сваю пазіцыю і сваё стаўленне да таго, што адбываецца. І не выпадкова серыя канцэртаў завецца «Малітва за Беларусь»– кажа дырыжор Андрэй Галанаў.

Другі дабрачынны канцэрт-рэквіем Моцарта пройдзе роўна праз тыдзень і будзе прысвечаны ўсім ахвярам, пацярпелым у Беларусі ў мірны час.

Галіна Абакунчык, «Белсат»