Маладыя беларусы вучацца грамадскай актыўнасці праз коміксы і анімэ


Анастасія Чабатава, удзельніца праекту беларускамоўных коміксаў «Дзінаsaurs» на менскім мэйкатоне. Фота – «Белсат»

Прыдумаць уласны сацыяльны праект і атрымаць дапамогу для рэалізацыі – такую магчымасць атрымалі хлопцы і дзяўчаты, якія ўдзельнічаюць у менскім мэйкатоне.

Экалогія, правы чалавека, культура, папулярызацыя беларускай мовы – праекты на гэтыя тэмы прадставілі ў Менску 16 камандаў. Удзельнікі мэйкатону – гэта моладзь ад 18 да 30 гадоў.

«Першае слова «make» – рабіць. Гэта марафон, на якім яны нешта робяць. А робяць яны свае моладзевыя ініцыятывы, якія яны прыдумваюць, тэстуюць на такіх жа маладых людзях, запускаючы анкеты. Яны распрацоўваюць план дзеянняў, і мы спадзяемся, што яны іх зробяць», – кажа дырэктарка Офісу еўрапейскай экспертызы і камунікацыі Святлана Зінкевіч.

Раскруціць сваё хобі – пераклад на беларускую мову мультфільмаў-анімэ – на мэйкатон прыйшлі Ўсяслаў Пашкевіч і Аляксей Кастоўскі з суполкі «Kykymba.by».

«Мы робім тое, што папулярна. Людзям падабаецца анімэ – мы робім анімэ. Людзям падабаецца Шэрлак – мы перакладаем яго, і людзі будуць глядзець. Тое самае з «Чорным люстрам» ад Netflix. Людзям падабаецца – і мы пачынаем гэта рабіць», – тлумачыць Аляксей Кастоўскі.

Праект «Дзінаsaurs» – гэта беларускамоўныя коміксы для малых дзетак пра сацыяльную справядлівасць. Праз іх стваральнікі спрабуюць данесці да дзяцей, што такое гендарная роўнасць, экалогія, булінг і г. д.

«Мы вырашылі, што коміксы – гэта найлепшы альтэрнатыўны варыянт. Мы жа не будзем ім лекцыі пісаць. Коміксы – гэта яскрава, кідка, цікава!» – тлумачыць удзельніца праекту Анастасія Чабатава.

Паводле апытання, праведзенага Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, вырашаць праблемы сваіх супольнасцяў жадае менш за 1 % хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў. Арганізатарка імпрэзы Святлана Зінкевіч спадзяецца, што праз трэнінгі кшталту мэйкатонаў актыўнай моладзі стане больш.

Матэрыял Аляксандра Папко глядзіце ў поўным выданні навінаў за 15 сакавіка