Магілёўцы абскарджваюць тарыфы на ЖКГ у пракуратуры


Плаціць ці не плаціць? Жыхары магілёўскага інтэрнату на вуліцы Крупскай перад Калядамі атрымалі квітанцыю ад камунальнікаў, але незвычайную: кошт электраэнергіі за мінулы месяц паводле яе падскочыў удвая, пры тым, што афіцыйна тарыфы не павышаліся.

«Гэта ўжо не першы выпадак, такое ў нас ужо здаралася некалькі месяцаў таму – падвышаецца расход электраэнергіі, а калі людзі пачынаюць звяртацца, то ён пачынае паніжацца, то бок бачна, што тут нейкія махінацыі з гэтай справай ідуць», – кажа жыхар інтэрнату Алег Аксёнаў.

Асобных лічыльнікаў у блоках няма – толькі адзін на ўвесь інтэрнат, таму штомесяц даводзіцца плаціць «сярэдняе значэнне». Разʼюшаныя жыхары звярнуліся ў пракуратуру і гарвыканкам з патрабаваннем стварыць камісію, якая праверыць гэты лічыльнік, пакуль жа плаціць паводле квітанцыяў яны адмаўляюцца.

«У нас за два пакоі, за блок, за два чалавекі, што пражываюць, атрымліваецца 300 тысячаў старымі грашыма, гэта нерэальна проста, нават калі ўсё будзе ўключана: і прас, і лядоўня…».

«Лічыльнікі там паглядзела дэлегацыя, нешта там не ў парадку, ніякай камісіі, ніхто не прыязджае, не разбіраецца».

«Думаю паставіць лічыльнік на блок, для гэтага трэ праект, і ці пагодзіцца адміністрацыя на ўстаноўку лічыльніка?»

– цвердзяць суседзі спадара Аксёнава.

Разлікамі для інтэрнату займаецца Жыллёва-эксплуатацыйная кантора № 9, у якой тлумачаць сітуацыю наступным чынам: у верасні – лістападзе звесткі былі памылкова заніжаныя, таму цяпер давядзецца заплаціць больш. Але ў жыхароў ёсць дакументы, паводле якіх усе паказнікі за мінулыя месяцы былі правільныя – таму ў ЖЭУ паабяцалі спраўдзіць усё яшчэ раз.

«У мяне есць пытанні, чаму тарыф такі выскачыў, усё распішам, усё па палічках раскладзем», – супакойвае начальнік ЖЭУ №9 Сяргей Кавалькоў.

Пакуль ідзе праверка, пра прычыны такога падвышэння жыхары могуць толькі здагадвацца – так, інтэрнат мае прыбудову, дзе месціцца цырульня. Сілкуецца ж яна ад той жа электрашчытавой, што і блокі інтэрнату, але мае свой лічыльнік.

«Вось я магу вам справаздачу паказаць, у лістападзе гэтая арганізацыя паставіла новы лічыльнік, а стары абнуліла, вось пасля гэтага ў нас падрос расход, больш я не бачу прычыны», – даводзіць жыхарка Яніна Лісоўская.

Цяпер пракуратура перакіравала скаргу ў гарвыканкам: паводле закону, адказ яны мусяць даць цягам месяца. Але жыхары непакояцца, што калі пераразлік зацягнецца, то дамагчыся праўды ў сваім пытанні яны не здолеюць – неўзабаве некаторыя тарыфы ў жыроўках маюць павысіцца на 17 адсоткаў па ўсёй краіне.

Настасся Храловіч, «Белсат»