Магілёўцы стварылі петыцыю, каб павялічыць колькасць месцаў для мірных сходаў


Магілёў застаецца адзіным з абласных гарадоў, дзе грамадзянам дазволена праводзіць мірныя сходы толькі ў адным месцы – на стадыёне на вуліцы Чалюскінцаў. Магілёвец Сяргей Пехцераў пастанавіў разабрацца ў праблеме сам і дапамагчы іншым. Дзеля гэтага ён стварыў уласную інфаграфіку.

«Я вось вырашыў напісаць скрыпт, які збярэ ўсе адрасы арганізацый, школ, садкоў, паліклінік, бальніц – у іх ува ўсіх свой радыус, і размясціў на мапе. І тым самым я знайшоў нейкія месцы ў цэнтры, дзе можна праводзіць мерапрыемствы», – кажа аўтар інфаграфікі Сяргей Пехцераў.

Разам з тым Сяргей высветліў, дзе праз блізкасць да пэўных аб’ектаў нельга праводзіць масавыя акцыі. Не зусім пасуе і адзіная пляцоўка, вылучаная для грамадзянаў, бо часткова ўваходзіць у радыус паліклінікі. І не толькі таму…

«Гэтае месца далёка ад цэнтру гораду, тут няма скрыжавання людскіх патокаў, таму нейкае цікавае мерапрыемства адукацыйнае не закране выпадковага мінака, гэта вялікі мінус», – так лічыць Сяргей Пехцераў і, папраўдзе сказаць, не толькі ён.

Самае цікавае, што найчасцей і на дазволеным месцы магілёўцы не могуць нічога зладзіць. Лідар абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Магілёве Уладзімір Шанцаў не аднойчы падаваў заяўкі на правядзенне пікетаў і так і не атрымаў дазвол.

«Мы аднойчы папрасілі дазвол правесці на стадыёне, я пагадзіўся сплаціць усе паслугі. Пікет па пераносе заводу «Омск Карбон» у Александрыю. Нам адмовілі, правялі футбольны матч…», – кажа Уладзімір Шанцаў.

У планах турніру не было, але ў вызначаны дзень дзеці сапраўды гулялі ў футбол на недагледжаным газоне. І ўсё ж такі летась 26 траўня на стадыёне прайшла першая дазволеная імпрэза за апошнія 7 гадоў. Магілёўскія праваабаронцы правялі «Манстрацыю» з іранічнымі лозунгамі. Абсурднасць у тым, што немагчыма сурʼёзна ставіцца да акцыяў і пікетаў на пустэчы.

«Мы пісалі зварот у гарвыканкам з просьбай павялічыць колькасць месцаў. Але прайшоў ужо год і нічога не змянілася», – заўважае праваабаронца Барыс Бухель, які звяртаўся ў гарвыканкам ад імя цэнтру «Вясна».

Некаторыя арганізатары, як Цэнтр гарадскіх ініцыятываў, бачаць выйсце ў арэндзе прыватных пляцовак ці наагул дабіваюцца ўнясення сваіх фестываляў у гарадскі план.

«Закон аб масавых мерапрыемствах супярэчыць міжнароднаму пакту аб грамадзянска-палітычных правах і Канстытуцыі РБ у тым, што ён абмяжоўвае права чалавека на правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў у любым незабароненым месцы», – кажа Барыс Бухель.

Каб палепшыць сітуацыю, Сяргей Пехцераў стварыў петыцыю. Хлопец просіць Магілёўскі гарвыканкам дадаць да спісу дазволеных месцаў яшчэ тры пляцоўкі ў цэнтры гораду. Жыхары Магілёва падтрымліваюць прапанову:

«Людзі павінны збірацца там, дзе яны хочуць. Па-мойму, мы свабодныя людзі, хоць, напэўна, мы ўмоўна свабодныя людзі».

«Тры лепей, чым адно».

«Ну, я ў цэнтры гораду, думаю, гэта было б самае зручнае месца».

«Напэўна болей трэба месцаў, каб зацікавіць людзей, канечне».

Аўтар петыцыі мяркуе, што павелічэнне месцаў для правядзення масавых акцыяў пасадзейнічае развіццю мясцовай супольнасці. А таксама гэта можа палепшыць імідж Магілёва.

Вольга Васільева belsat