Магілёў: замест школы – чатыры шматпавярховікі


У новым магілёўскім мікрараёне «Спадарожнік» на месцы, дзе паводле генеральнага плану мелася быць школа, вырашылі пабудаваць чатыры шматпавярховыя дамы.

Ініцыятар звароту да ўладаў Уладзімір Філатаў кажа:

«Павінна была быць другая школа вось на гэтай пустцы, з адною спартоваю пляцоўкай разам з 45 школай, але цяпер яна праходзіць пад жылую забудову».

Жыхары мікрараёну даведаліся пра грамадскае абмеркаванне праекту за некалькі дзён да яго заканчэння, але сабраць подпісы пад калектыўным зваротам усё ж такі паспелі. Людзі выступаюць супраць новых дамоў ва ўжо і так перанаселеным раёне і за будаўніцтва яшчэ адной школы. Жыхары мікрараёну «Спадарожнік» сцвярджаюць:

«Дзяцей з кожным годам болей, вось мы ўжо па другім нарадзілі. Дзяцей на мікрараёне вельмі вялікая колькасць, і школа нам, і дзіцячыя садкі патрэбныя, як я не ведаю, вельмі-вельмі».

«Раён забудаваны, сем’яў шмат, і без устаноў сацыяльных мы не абыдземся».

Адная школа на мікрараёне ёсць – новая, з басейнам, стадыёнам і пляцоўкамі пад розныя віды спорту. Размяшчаецца ўнутры спальнага раёну, то бок бяспечная для дзяцей, не трэба пераходзіць ніводнае дарогі, каб сюды трапіць. Але яна ўжо даўно перапоўненая. Жыхары сведчаць:

«Тут, як я чула, 1200 дзяцей павінна быць, але навучаецца ў 2 разы болей. Тры змены – ну, гэта вычварэнства над дзецьмі. Я ведаю пра тое, што тут каля 15 настаўнікаў фізкультуры».

«Як дырэктар сказаў, плануецца там па 25 чалавек, ну, не ведаю, паглядзім, і 10 першых класаў – гэта таксама нямала».

Пры такой шчыльнасці палова мясцовых жыхароў усё адно вымушаная вазіць дзяцей у садкі ды школы ў суседнія раёны. Людзі кажуць:

«Мы нават не плануем сюды ўлезці, настолькі ўсе перапоўненае, што дзеткі, якім 3 гадкі, не трапляюць у гэтыя садкі, прапаноўваюць месца ў цэнтры гораду, куды далей».

«Мы запісваліся, як толькі нарадзіліся, але нам адразу сказалі: на садочкі ў вашым раёне можаце нават не разлічваць».

Што да дзіцячага садка, то жыхароў запэўнілі, што ён яшчэ застаецца ў планах на найбліжэйшыя пару гадоў, а вось новая школа паблізу дому аказалася пад пытаннем.

«Калі б мы ведалі, што тут школы не будзе, мы б абралі іншы раён. І што нам цяпер рабіць, кватэру прадаваць?» – задае рытарычнае пытанне мясцовы жыхар Уладзімір Філатаў.

Але канчатковае рашэнне аб будаўніцтве яшчэ не прынятае, жыхары спадзяюцца паўплываць на яго калектыўным зваротам у гарвыканкам. У аддзеле архітэктуры пра звароты грамадзянаў ведаюць:

«Шмат было зваротаў аб тым, што непажадана будаўніцтва гэтых жылых дамоў. На горадабудаўнічым савеце, які адбудзецца ў нас 9 жніўня, яшчэ будуць падводзіцца вынікі грамадскага абмеркавання і прымацца канчатковае рашэнне аб тым, будуць будавацца гэтыя дамы ці не будуць» – сказаў спецыяліст аддзелу архітэктуры Магілёўскага гарвыканкаму Юрый Іваноў.

Ці прыслухаліся да меркавання і патрэбаў грамадзянаў на закрытым паседжанні горадабудаўнічага савету, стане вядома толькі 23 жніўня, калі на сайце гарвыканкаму з’явіцца пратакол гэтага паседжання.

Вольга Васільева, belsat.eu