Магчымасці працы на гуманітарнай візе ў Польшчы


У пагоні за новымі кадрамі Польшча спрашчае працаўладкаванне для беларусаў з гуманітарнай візай, айцішнікаў ды медыкаў.

Былы міліцыянт Уладзімір Жыгар прыехаў у Варшаву ў пачатку кастрычніка праз пагрозу затрымання. Перад гэтым мужчына тэрмінова выехаў з Беларусі ў Кіеў, дзе і зрабіў гуманітарную візу.

«У цэлым гэта было вельмі лёгка, бо Польшча дастаткова лаяльна ставіцца да беларусаў, нейкіх праблемаў з афармленнем візы не было. То бок гэта было і па часе хутка, і фактычна нам нічога не каштавала», – падзяліўся Уладзімір Жыгар.

З 1-га снежня пасля зменаў у Законе аб замежніках беларусы з гуманітарнаю візаю змогуць атрымаць дазвол на працу і афіцыйна зарабляць у Польшчы.

«Гуманітарная віза – такі від нацыянальнай візы, якая можа быць выдадзеная тэрмінам да аднаго года. Яе можа атрымаць практычна кожны беларус, які адчувае пераслед ці пагрозу на тэрыторыі Беларусі», – удакладняе юрыстка Вольга Дабравольская.

Каб атрымаць гуманітарную візу, трэба звярнуцца ў польскае консульства са страхоўкай і заяваю з абгрунтаваннем небяспекі. Тыя, каму трэба тэрмінова з’ехаць з краіны, як і наш герой, прыходзяць у польскае консульства ва Украіне ці Літве.

Падчас пратэстаў беларусы выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў, але шмат каму давялося змяніць іх на вуліцы польскіх. З пачатку восені ў Польшчу зʼехалі больш за 10 тысяч беларусаў. Польшча ахвотна прымае новых уцекачоў, бо гэта і новыя працоўныя кадры. Асабліва краіне цяпер не стаЕ дактароў праз пандэмію. Вялікае зацікаўленне і ў IT-адмыслоўцах.

«Сітуацыя на рынку працы паказвае, што Польшчы трэба, каб як мага больш работнікаў з Усходу, у тым ліку з Беларусі, маглі працаваць і такім чынам мець дачыненне да росту ВУП, да росту польскай эканомікі», – распавядае дэпутат сэйму і старшыня парламенцкай групы ў справах Беларусі Робэрт Тышкевіч.

Дадаткова новаўвядзенні рыхтуе Міністэрства працы. Дзякуючы ім медыкі, айцішнікі ды ўсе, хто мае гуманітарную візу, змогуць без дазволу ўладкоўвацца на працу. Калі папраўкі набудуць моц, афіцыйна пакуль не паведамляецца.

«Адсутнасць магчымасці працаўладкавацца ізалюе такіх людзей і прымушае іх жыць у розных цэнтрах. Але мы імкнемся не да гэтага. Гаворка пра тое, каб мы маглі як мага больш інтэгравацца», – лічыць Робэрт Тышкевіч.

Першая адукацыя Уладзіміра – аператар станкоў з праграмным кіраваннем, калісьці мужчына працаваў на машынабудаўнічым прадпрыемстве.

«Тут цікава, тут шмат розных прадпрыемстваў, новае абсталяванне і высокая аплата працы», – дзеліцца Уладзімір. Але дадае, што хацеў бы вярнуцца ў Беларусь.

«Безумоўна, сумуеш па блізкіх, якія там засталіся, і вельмі страшна глядзець на тое, што там адбываецца. Бо ты не можаш нічога зрабіць, пакуль ты тут. Ну, можаш зрабіць, але, безумоўна, хочацца быць там, з усімі».

Уладзімір звольніўся ў пачатку чэрвеня, пасля быў валанцёрам у камандзе Святланы Ціханоўскай. Цяпер у Польшчы мужчына бярэ ўдзел у ініцыятыве «ByPol», якая дапамагае былым міліцыянтам.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»