Людзі з інваліднасцю пратэстуюць супраць тэрору і дыктатуры


Марш людзей з інваліднасцю, як і мінулы раз, пачаўся з плошчы Незалежнасці. Разам з удзельнікамі маршу на шпацыр выйшлі іхныя сваякі і блізкія. Шмат хто з удзельнікаў акцыі самастойна перамяшчацца проста не можа. Але свой пратэст выказаць жадае.

Удзельнікі маршу кажуць:

«Прыйшла з дачкой. Стамілася ад таго, што адбываецца ў гэтай краіне. У прынцыпе, я не першым разам выходжу на мітынгі. Я выходжу на мітынгі штонядзелю і суботу. Хачу, каб мой голас усё ж нешта значыў у гэтай краіне. І не толькі мый, а ўсіх!»

«Па-першае: нас абрабавалі. Забралі нашыя галасы, выбары. А калі мы выйшлі заявіць свой пратэст, супраць нас развязалі крывавы тэрор».

«Мы хочам волі. Гэта самае галоўнае. Будзем вольныя – будзем усё здаровыя. І без розніцы: з нагамі мы ці без ног. Калі ўжо пенсіянеры выйшлі, інваліды выйшлі, то, значыць, перамога будзе».

Георгій у інвалідным вазку апынуўся пасля пратэстаў 10-га жніўня. У яго трапіла святлошумавая граната. Хірургам давялося ампутаваць хлопцу частку ступака.

«Дагэтуль не знойдзены ніводны злачынец, які мяне пакалечыў з 10-га на 11-е. Станцыя метро Пушкінская, у 3-4 метрах ад мяне… аскепкам… практычна ампутавалі ўсю ступню. Дамагаюся, перадусім, вызваленні палітвязняў, адстаўкі ўсяго ўрада і кары ўсіх вінаватых у бясчынствах 9–12 жніўня», – кажа Георгій.

Падтрымалі людзей з інваліднасцю і ўніверсітэты. Па ўсім Менску адбылося больш за дзясятак студэнцкіх акцыяў пратэсту. Хлопцы і дзяўчаты збіраліся ў холах сваіх навучальных установаў, пляскалі ў далоні ды спявалі песні. Іншыя збіраліся ў ланцугі салідарнасці ўздоўж дарог.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»