Аб'ектыў 27.06.2018 Людзей масава звальняюць. Далей толькі горш


Павелічэнне рээкспарту нафты з Расеі сёлета спрыяе стабільнасці беларускага рубля і стрымлівае рост коштаў. Але за пазітыўнымі лічбамі не схаваецца далейшае пагаршэнне справаў ва ўсім дзяржаўным сектары эканомікі: стратных прадпрыемстваў усё больш, іх запазычанасць павялічваецца, а як вынік – чарговы віток беспрацоўя.

Работа стаіць, але і з працаю праблемаў няма. Хоць лічбы сведчаць пра адваротнае. Апошні месяц выдаўся найгоршым на рынку працы ў гэтым годзе. Паводле Белстату, у траўні звольнілі на 30 тысячаў чалавек больш, чым узялі на працу.

Праз прыгонную кантрактную сістэму некаторыя не могуць самі звольніцца. А таму большасць звольненых – пенсіянеры, сцвярджаюць незалежныя прафсаюзы.

«Колькі б работнікі дзяржпрадпрыемстваў ні працавалі, ім мінімальную заработную плату наймальнік у любым выпадку забяспечвае, і сацпакет. І любы чалавек майго веку кансерватыўны, і думае, што трэба дапрацаваць да пенсіі», – кажа юрыст незалежнага прафсаюзу «РЭП» Юрый Белякоў.

І сапраўды, Цэнтры занятасці пустуюць, чэргі – толькі ля дзвярэй адказных за прымусовую працу. Эканоміка на пад’ёме? Калі і так, то перад прорваю – вынікае з наступнай справаздачы ўраду. У дзяржаўным сектары – страты па ўсіх франтах. Колькасць нерэнтабельных прадпрыемстваў хутка дасягне траціны. А сума запазычанасцяў за першае паўгоддзя вырасла ўтрая. І гэта за перыяд гэтак званай лібералізацыі эканомікі.

«Раней было больш дырэктыўнага крэдытавання і фінансавання дзяржпрадпрыемстваў, цяпер жа гэтую справу перавялі на дзяржаўныя праграмы, але сутнасць ад гэтага не змянілася – няма канкурэнцыі ў размеркаванні ці коштаўтварэнні», – лічыць эканаміст Уладзімір Кавалкін.

А гэта сфера адказнасці прэмʼера ўраду Андрэя Кабякова і доўгага шэрагу заўсёдных наменклатурнікаў, якія лабіруюць бюджэтнае падтрыманне штаноў прамысловага сектару.

А таму дэкрэты кіраўніка аб разняволенні сферы IT і эканомікі агулам – хутчэй касметыка. За ёй хаваецца старая беларуская сістэма, дзе за неэфектыўнасць гаспадаркі ў дзяржсектары расплачваюцца не кіраўнікі ўраду сваймі пасадамі, а мы з вамі, нашымі падаткамі.

Алесь Залеўскі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары