Аб'ектыў 02.12.2016 Лябедзька пра дэтэктар хлусні для ДАІ: «Шуневіч спрабуе перавесці стрэлкі»


Заўсёды ў абароне дзяржаўнага і грамадскага парадку, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу кожнаму грамадзяніну. Гэтак працу свайго ведамства бачыць ягоны міністр Ігар Шуневіч. Маўляў, мінулае і сучаснасць Беларусі без міліцыі ўявіць немагчыма.

ІГАР ШУНЕВІЧ:

«Органы ўнутраных справаў, міліцыя цягам ста гадоў прымала ўдзел не толькі ва ўсталяванні дзяржаўнасці, але і забеспячэнні бяспекі грамадзянаў. Сёння роля міліцыі не менш значная, а можа і больш. Сёння крымінагенная сітуацыя ў краіне пад нашым кантролем».

А як працу сваёй міліцыі бачаць самыя зацікаўленыя? Пра яе ў Беларусі можна пачуць рознае. У гэтым можна пераканацца ў размовах з грамадзянамі.

Крытыку грамадства МУС звычайна ўспрымае цяжка. У эфіры праграмы «Буйным планам» на тэлеканале «Беларусь 1» некаторыя закіды ў бок міліцыі Ігар Шуневіч назваў падтасоўваннем фактаў ды адкрытаю хлуснёю. Хто і з якою мэтаю гэта робіць? Адказ таксама знайшоўся.

ІГАР ШУНЕВІЧ:

«Аналізуючы досвед усіх »каляровых рэвалюцыяў«, якія здараліся калі кольвечы можна зрабіць простую выснову: усе яны пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады, найбольш моцных яе галінаў. У органы ўнутраных справаў гэта адзін з самых моцных аргументаў улады».

Ці выпадкова прагучалі словы міністра? Тыя, хто ўжо не першы год сочыць за працаю міліцыі, больш як перакананыя…

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБʼЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

«У сітуацыі ўгадвання каляровых рэвалюцыяў Шуневіч прабуе перавесці стрэлкі. Праблема не ў тым, што пʼяныя міліцыянеры гойсаюць па дарогах збіваюць і забіваюць людзей, а давайце пагаворым пра пагрозы каляровай рэвалюцыі. Тады гэта здарэнне адыходзіць на 2 ці 3 план».

Апошнімі днямі грамадства ўзрушанае навіною пра смерць маладой жанчыны пад коламі аўтамабіля пʼянага начальнікі Баранавіцкага ДАІ. Прадстаўнікі апазіцыі мяркуюць, што гэты трагічны інцыдэнт і стаўся прычынаю выступу ў эфіры беларускага тэлебачання кіраўніка МУСу. Ігар Шуневіч шмат увагі прысвяціў злачыннасці сярод працаўнікоў праваахоўных структураў.

ІГАР ШУНЕВІЧ:

«У кожным выпадку публікацыі кампраметуючай інфармацыі мы праводзім правяранні. Што датычыць крымінальных справаў у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі: сёлета завялі 123 такія справы. 70 % злачынстваў выявілі нашыя супрацоўнікі».

Шуневіч пайшоў далей. Сярод прапановаў, з якімі прыйшоў у студыю тэлепраграмы міністр, некаторыя выклікалі жывую зацікаўленасць. Са словаў чыноўніка, у структурах ДАІ пачалі правяраць працаўнікоў з дапамогаю… дэтэктара хлусні. Сярод крытыкаў міліцыі ініцыятыва выклікае шмат пытанняў.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА:

«А сам міністр і ягоныя намеснікі гатовыя прайсці праз дэтэктар хлусні? Потым узнікае іншае пытанне: а ці згодныя амапаўцы прайсці праз гэта па факце таго, што яны гавораць падчас судовых працэсаў над удзельнікамі палітычных акцыяў. Ці яны гавораць праўду ці хлусяць?».

Ужо сёння вядома, што ажно траціна (з сямісот) правераных такім чынам міліцыянтаў прайшла працэдуру з адмоўнымі вынікамі. Цяпер з імі не падоўжаць кантрактаў. Прадстаўнікі апазіцыі не выключаюць, што, калі б з такім поспехам практыка правярання дэтэктарам хлусні атрымала паўсюднае прымяненне, хутка Беларусь магла б застацца без міліцыі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары