Лунапарк на месцы канцлагеру


Святочны настрой для гараджанаў паспрабавалі стварыць улады Гомля ды арганізавалі на плошчы Паўстання луна-парк з атракцыёнамі, гучнаю музыкай і фаст-фудам. Толькі гомельцы кажуць, што гэта… не месца для забаваў – тут у часе вайны забілі больш за 100 тысяч савецкіх грамадзянаў.

«Cмерці і атракцыёны – яны несумяшчальныя».

«Гэта блюзнерства. Я гэтага не вітаю».

«Напэўна, для гораду важней за ўсё цяпер выступы, луна-парк, каб гарадская казна, вядома, папаўнялася».

«Вядома ж, кепска, гэта святое месца, дзе загінула так шмат людзей».

«Можна было знайсці гэтаму ўсяму іншае месца».

«Не зусім удалае гэтае рашэнне. Але хто пытаецца?» – кажуць жыхары Гомля.

У двухтысячныя гады беларускія хрысціянскія дэмакраты звярталіся да ўладаў з прапановаю ўсталяваць капліцу на месцы, дзе былі забітыя больш за 100 тысячаў ваеннапалонных. Улады не згадзіліся, больш за тое, пачалі часцей ладзіць на месцы трагедыі ўсё больш гучныя імпрэзы.

«Гэта камерцыйная праца, людзі хочуць зарабляць і хай зарабляюць, але можна было б, вядома, перамясціцца ў парк, дзе для гэтага ўсё створана, зручна і лагічна», – адзначае гукарэжысёр гарадскіх імпрэзаў Сяргей Старыкаў.

Лагер для ваеннапалонных існаваў на гэтым месцы з 41-га да 43-га года. Забітых гітлераўцы хавалі ў 150-метровай яміне, калі яна была запоўненая, трупы пачалі вывозіць у іншыя месцы ды паліць у печах, якія працавалі без перапынку дзень і ноч. Падчас раскопак знайшлі парэшткі больш як 90 тысяч асобаў. Цяпер іхныя нашчадкі тут бавяцца.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў