Лукашэнка зноў паехаў да вайскоўцаў заручацца падтрымкай


Вайсковая частка 3214 спецыяльнага прызначэння ў менскім Уруччы. Сюды Аляксандр Лукашэнка прыехаў з канкрэтнымі рэкамендацыямі…

«Паглядзеў я кадры, дзе там скакаў і ў жывот біў амапаўцаў. Вось гэтага вы не мусіце дазваляць. Хлопцы мусяць разумець, што яны ў сваім доме, і нікому не дазволена іх штурхаць нагамі», – загадаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

…ды аўдытам. Кіраўніку краіны прадэманстравалі разгон імавернай акцыі пратэсту. Са спецтэхнікай у дзеянні. Гэта ўжо трэцяя за час выбарчай кампаніі сустрэча Лукашэнкі з вайскоўцамі. На мінулым тыдні кіраўнік краіны наведаў брыгаду спецпрызначэння ў Марʼінай Горцы, дзе папярэдзіў: на здушэнне пратэстаў могуць быць задзеяныя ўзброеныя сілы. Яшчэ раней – наведаў вайскоўцаў у Віцебску. Паўсюль казаў пра майдан і спробы расхістаць сітуацыю ў краіне.

«Найперш гэта сігнал для застрашэння. Каб народ бачыў, што ў выпадку чаго войска – з прэзідэнтам, і войска можа разагнаць любыя акцыі пратэсту. А з іншага боку – гэта сапраўды спроба атрымаць падтрымку сілавікоў, таму што падтрымкі народу ён ужо атрымаць не можа», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Заручыцца ж падтрымкай спрабуе не толькі на словах. Для кантрактнікаў унутраных войскаў ужо пабудавалі новы інтэрнат. Пра планы забяспечыць вайскоўцаў уласным жытлом цягам пяцігодкі Лукашэнка распавёў на сустрэчы з адказнымі за гарантаванне нацыянальнай бяспекі кіраўнікамі. Іх жа запэўніў у сваёй стойкасці.

«Вы сёння сустракаецеся з чалавекам, які на нагах умудрыўся перанесці каронавірус. Гэткае заключэнне зрабілі дактары. Бессімптомна. Як я і казаў: 97 адсоткаў у нас пераносіць гэтую заразу бессімптомна», – кажа кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

А ці маюць падставу асцярогі ўладаў? Пакуль дазволеныя агітацыйныя пікеты Святланы Ціханоўскай збіраюць шматтысячныя плошчы нават у невялікіх гарадах. Ці гатовыя беларусы выйсці ўжо на несанкцыянаваны пратэст у выпадку несумленнага падліку галасоў?

«Калі мы гэтага не зробім, то дакладна нічога не адбудзецца. Таму – так, трэба выходзіць».

«Я саспела, я гатовая, я не баюся».

«Шчыра кажучы, напэўна я буду на вёсцы. Ха-ха!»

«Не, у мяне сям’я, дзеці маленькія».

«Я, вядома, таксама баюся патрапіць у аўтазак, але я амаль гатовая!»

Ці магчымы, між тым, сцэнар здушэння пратэстаў з выкарыстаннем рэальнай зброі? У Маладзечне пры разгоне ланцуга салідарнасці амапавец трымаў у руках баявы пісталет. Паводле прэс-службы МУС, зброя папросту выпала з кабуры, а міліцыянт – толькі падхапіў. На думку палітолага Валера Карбалевіча, на выпадак пратэстаў унутраныя войскі маюць, аднак, дзейсную альтэрнатыву: вадамёты, дубінкі ды гумовыя кулі.

Юлія Лабанава, «Белсат»