Лукашэнка заявіў, што цывілізаваны свет з’ехаў з глузду


Вакол каронавіруса «псіхоз», а цывілізаваны свет з’ехаў з глузду – заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб эпідэміялагічнай сітуацыі:

«Чаму я сябе гэтак паводжу? Бо я абсалютна перакананы, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса».

Адзінае, што варта зрабіць, на думку кіраўніка Беларусі, – наладзіць у краіне вытворчасць рэспіратараў.

«Лукашэнка, на што ён спадзяецца? Мне застаецца меркаваць: калі ў Беларусі будзе павялічвацца колькасць хворых – Лукашэнка спадзяецца, што гэта ўдасца нейкім чынам схаваць ад грамадства. Калі зʼявяцца смяротныя выпадкі – гэта паставіць пад сумнеў стратэгію Лукашэнкі», – гаворыць журналіст Віталь Цыганкоў.

Калі ж Беларусь закране не моцна – дадае журналіст, Лукашэнка адчуе сябе пераможцам. Тым часам беларускія турысты праз закрыццё межаў з-за каронавіруса не могуць трапіць на радзіму. Амбасада нашай краіны ў Індыі заклікае беларусаў паведамляць пра сябе на старонцы дыпмісіі ў Фэйсбуку.

Дырэктарка дэпартаменту турызму Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч паведаміла, што агулам дапамога неабходна 8 тысячам нашых грамадзянаў:

«Паводле тураператараў, у Егіпце застаюцца прыблізна 6 тысячаў арганізаваных турыстаў. Каля 2 тысяч турыстаў сёння за мяжой у іншых краінах».

Некаторым беларускім падарожнікам пашчасціла і адпачыць без скарачэння тэрміну, і вярнуцца. Чартарны рэйс з Шарм-эш-Шэйху прызямліўся ў Менску. Турысты прызнаюцца, што на курорце давялося перасяліцца, бо зачыняліся гатэлі, і на дзень застацца без інтэрнэту:

«Мы ў чатырохзоркавым былі, а пасля ўсіх збіраюць у пяцізоркавы, каб не трымаць там, шмат людзей зʼязджае».

«З-за таго што егпіцкія ўлады закрылі авіяпералёты».

«Ніякіх праблемаў, усё выдатна. Там такая абстаноўка ў гатэлі – ніякай панікі, людзі адпачываюць. Усё выдатна. Больш тут панікі, з Беларусі званілі».

Тым часам студэнткі лінгвістычнага ўніверсітэту зладзілі адмысловую акцыю за каранцін. Актывісткі заклікаюць далучыцца да страйку і ад заўтра не ісці на заняткі. Ці гатовыя студэнты падтрымаць ініцыятыву?

«Не бачу ў гэтым сэнсу. Усіх людзей, якіх знаходзяць, адразу накіроўваюць у боксы і шпіталі. І ізалююць іх. Таму пакуль што хвалявацца сэнсу няма».

«Каронавірус распаўсюджваецца на людзей, ад яго пакутуюць, паміраюць людзі пажылыя, а не студэнты. Я лічу, студэнты мусяць працягваць сваю вучобу».

«У нас урад усё ж такі вырашае – як вырашаць, так і будзе. Скажуць хадзіць – будзем хадзіць. Скажуць не хадзіць – не будзем хадзіць».

Нашая краіна – апошняя ў рэгіёне без каранціну. Беларусь адмовілася пераводзіць універсітэты на дыстанцыйнае навучанне ды пераносіць школьныя вакацыі. Адзінае, што зробяць – на загад Лукашэнкі, – перанясуць пачатак заняткаў у ВНУ, каб разгрузіць грамадскі транспарт. Праўда, толькі ў Менску.

«Сёння ў Беларусі пачынаецца футбольны чэмпіянат краіны. І гэта адзіная краіна, дзе футбольны чэмпіянат не адменены. Больш за тое, няма ніякай забароны на прыход гледачоў на трыбуны», – кажа Віталь Цыганкоў.

Трыбуны будуць запоўненыя – дадае журналіст. А як быць з парадай Лукашэнкі сядзець дома ў самаізаляцыі?

Анастасія Русецкая, «Белсат»