Лукашэнка заявіў пра нафтавую перамогу над Крамлём


Аляксандр Лукашэнка заявіў пра перамогу над Крамлём у нафтавых перамовах. Масква пагадзілася кампенсаваць падатковы манеўр, які істотна паўплываў на прыбытак Беларусі ад перапрацоўкі нафты. Але што кіраўнік дзяржавы паабяцаў Пуціну наўзамен?

Крэмль скампенсуе Менску страты ад расейскага падатковага манеўру. Механізм кампенсацыі Уладзімір Пуцін запрапанаваў Аляксандру Лукашэнку ў тэлефоннай размове.

«Калі мы атрымлівалі ў мінулым годзе ад мыта мільярд долараў, дапусцім, а ў гэтым годзе за кошт зніжэння гэтага самага мыта (яно ж увесь час зніжаецца) атрымаем, дапусцім, 700 мільёнаў долараў. Ён сказаў: мы 300 мільёнаў долараў кампенсуем. У тым ліку за кошт прэміяў кампаніям», – перадаў сэнс размовы Аляксандр Лукшэнка.

Масква сапраўды прапанавала скарачаць прэміі на два долары за тону кожны год – пацвердзіў міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак. Прэміі – гэта аплаты, якія расейскія кампаніі бралі за транспарт нафты ў Беларусь. 464 долары – столькі ў сярэднім тона расейскай нафты каштавала на сусветным рынку летась. На ўнутраным рынку гэтая ж тона каштавала на чвэрць менш – 355 долараў. У нашую краіну Расея прадавала нафту па 365 долараў за тону. Розніца 10 долараў – гэта і ёсць прэмія расейскім кампаніям.

Да 2024 года Расея павысіць унутраныя цэны нафты за сусветных. Але разам з тым знікнуць і прэміі. Цэны для Беларусі хаця б не будуць вышэйшымі за сусветныя.

«Калі дамова будзе ў такім выглядзе, то гэта будзе вельмі разумным кампрамісам. Прыгадаю зыходныя пазіцыі: Лукашэнка са снежня прасіў расейскія кампаніі поўнасцю адмовіцца ад прэміяў. Са свайго боку расейскія кампаніі заяўлялі, што ад прэміяў адмаўляцца не будуць увогуле», – старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Лукашэнка ўжо даручыў амбасадару Беларусі падпісаць з Расеяй новае пагадненне пра пастаўкі нафты. Праўда, кампенсацыю за падатковы манеўр, пра якую казаў Лукашэнка, Крэмль пакуль не пацвердзіў.

«Поўнай кампенсацыі не будзе. У найлепшым выпадку (дакладней, умоўна найлепшым) будзе частковая кампенсацыя – у межах 300 мільёнаў долараў», – прагназуе палітолаг Вольга Харламава.

Страты ад павышэння цэнаў расейскай нафты толькі сёлета перавысяць 400 мільёнаў долараў – заявіў Аляксандр Лукашэнка. Спрэчка вакол кампенсацыі прывяла да таго, што з пачатку года расейскія дзяржаўныя кампаніі нафту ў Беларусь не пастаўляюць. Калі Масква адкрые кран і пагодзіцца плаціць, то з палітычным разлікам, не выключае Вольга Харламава.

«Расея, прапаноўваючы такія схемы, імкнецца адарваць Рэспубліку Беларусь ад казахскай нафты, ад нарвежскай нафты і нейкім чынам скарэктаваць адносіны Беларусі са Злучанымі Штатамі», – мяркуе палітолаг.

Забяспечыць нашую краіну нафтаю за канкурэнтную цану абяцаў тры тыдні таму дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа. Перамовы Менск пачаў з Казахстанам і Азербайджанам. Калі цяпер іх сарваць, то падчас наступнай расейска-беларускай нафтавай спрэчкі знайсці дастаўцаў будзе значна цяжэй – папярэджвае Вольга Харламава.

Аляксандр Папко, «Белсат»