Лукашэнка загадаў не ашчаджаць электраэнергію


Аляксандр Лукашэнка загадаў ураду Беларусі распрацаваць адмысловы план, каб беларусы выдаткоўвалі больш электрычнасці, бо раней электрычнасці бракавала, а неўзабаве яе не будзе куды падзець.

Як заявіў Лукашэнка на адмысловай нарадзе ў справе энергетыкі, сёлета Беларусь адмовілася ад імпарту электраэнергіі. І загадаў пабольш траціць:

«Адноснае спажыванне электраэнергіі ў нас у 2-3 разы ніжэй, чым у развітых краінах. Ёсць куды імкнуцца. І размова не пра эканомію і беражлівае спажыванне энергарэсурсаў».

Лукашэнка запатрабаваў ад ураду да чэрвеня распрацаваць план рэформаў энергасектару, каб краіна адмовілася ад вугалю, газу і нафты і пераходзіла на электрычнасць. Бо акурат налета маюць запусціць першы энергаблок Астравецкай АЭС.

«У нас будзе значны надмер электраэнергіі, асабліва пасля ўводу АЭС. Гэта галоўнае пытанне ў рэфармаванні ўсяго энергетычнага сектару. І дзіўна, што ва ўрадзе пакуль маўчаць. Калі ў вас ёсць нейкі план, паінфармуйце мяне», – кажа кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Ад міністраў кіраўнік Беларусі запатрабаваў запэўніць 100-адсоткавую энергетычную незалежнасць і бяспеку. З АЭС незалежнасць не выйдзе: станцыя збудаваная расейцамі за расейскі крэдыт і можа працаваць толькі на расейскім паліве.

Насамрэч АЭС пагоршыла эканамічную бяспеку, мяркуе Леанід Злотнікаў:

«Яна была пабудаваная з планамі экспартаваць энергію ў краіны Балтыі, на Захад, будзем зарабляць грошы. Але мы ведаем палітычную сітуацыю. Пакуль гэтая праблема застаецца».

Расея і Украіна маюць свае магутнасці, а Польшча і краіны Балтыі адмовіліся ад электрычнасці з АЭС, якую лічаць небяспечнай.

«Атрымалася, што мы пабудавалі станцыю для прэстыжу, каб ганарыцца, што Беларусь – атамная дзяржава», – кажа Леанід Злотнікаў.

Ці ганарацца беларусы электрастанцыяй? Мы запыталі ў магілёўцаў.

«АЭС мусіць нас забяспечыць. Яна магутная, хопіць на ўсіх, яшчэ і на продаж».

«Ніхто не будзе купляць электраэнергію, акрамя беларусаў. Па-другое, мы набралі на пабудову станцыі столькі крэдытаў, што цяпер энергія для нас яшчэ даражэй абы не выйшла. Па-трэцяе, гэта вельмі небяспечна».

«З боку Расеі яна будуецца, можа быць, каб мы не былі інтэграваныя ў Еўропу. А ўвогуле гэта вельмі небяспечная вытворчасць».

Пры забеспячэнні энергетычнай незалежнасці Лукашэнка загадаў ураду ўлічыць досвед суседзяў. Калі паглядзець не на СНД, а на краіны Еўразвязу, то першы станоўчы досвед – гэта тэрмінал для звадкаванага газу, куплены Літвою. Цяпер літоўцы не залежаць ад манаполіі «Газпрому».

Каментуе Рытас Стаселіс, эксперт Асацыяцыі літоўскіх энергетычных кампаніяў:

«У Літвы тэрмінал у Клайпедзе стаў заўважным фактарам незалежнасці ад адзінай крыніцы, і цяпер кампаніі «Газпром» і нарвежскі «Statoil» між сабой канкуруюць, каб трапіць на гэты рынак Літвы, Латвіі і Эстоніі».

Рытас Стаселіс згадвае: 10 гадоў таму Літва прапаноўвала Беларусі разам удзельнічаць у гэтым праекце, каб набываць газ на глабальным рынку. Але тады ў Менску не хапіла палітычнай волі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: Alexei Druzhinin / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / FORUM