Лукашэнка загадаў лічыць кожную капейку


Лічыць кожную капейку – такі загад даў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі, адказнымі за выкананне бюджэту. Улады Беларусі задумаліся, як будзе выглядаць айчынны бюджэт, калі Крэмль абмяжуе субсідыі. На чым ашчадзіць, каб перажыць прахалоду ў хаўрусніцкіх адносінах?

Каб скампенсаваць павышэнне цаны на расейскую нафту, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка загадаў чыноўнікам быць больш ашчаднымі:

«Ніякіх закупак аўтамабіляў, акрамя цэнтралізаваных. І ў нас – свая аўтамабільная вытворчасць. Ніякіх выдаткаў на рознага роду непатрэбныя паездкі, раз‘езды і камандзіраванні. Хопіць ездзіць па канферэнцыях!»

10 мільярдаў долараў – столькі, паводле ацэнак ураду, цягам шасці гадоў недаатрымае беларускі бюджэт. Закрыць дзірку, перасадзіўшы чыноўнікаў на «Джылі», не атрымаецца.

«Наўрад ці будуць істотна расці заробкі бюджэтнікаў. І занятасць у бюджэтным сектары таксама наўрад ці будзе істотна расці. Пры гэтым гаворка ідзе пра бюджэт з прагназаваным ростам больш за 2 адсоткі», – каментуе эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Эканамічны рост Беларусі (% ВУП):

2010 – 7,8%

2012 – 1,7%

2014 – 1,7%

2016 – 2,5%

2018 – 3,8%

Беларусы жывуць у рэжыме беражлівасці ўжо больш за 6 гадоў. Рост эканомікі запаволіўся, заробкі ўпалі. На чым ураду варта ашчаджаць раяць жыхары Берасця:

«На непатрэбных аквапарках у вёсках».

«Дэпутатаў шмат непатрэбных. Не дагрукаешся да некаторых».

«Алкаголь я б, напрыклад, зрабіў даражэйшым, таму што высокі ўзровень алкаголю ў нас у краіне».

«Ну, напрыклад, дывановы камбінат наш. Што ён дае? Нічога ён не дае! Або шукаць спонсара, які б яго купіў!»

«Хочаце грошай – стварайце адзіную дзяржаву, як дамовіліся амаль 20 гадоў таму». Такі сэнс заяваў, зробленых расейскім віцэ-прэм’ерам Дзмітрыем Козакам і прэм’ерам Мядзведзевым на мінулым тыдні. Праўда, меркаваныя планы інкарпарацыі Беларусі ў Крамлі сёння зняпраўдзілі.

«У такой фармулёўцы гэтая тэма не стаіць на парадку дня. Яна не абмяркоўвалася. Пра гэта не ідзе аніякіх размоваў», – каментуе Сяргей Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі.

Дык навошта было прыгадваць напаўзабытую дамову аб саюзнай дзяржаве? Тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч:

«Я не думаю, што Расея сапраўды думае, што Беларусь пагодзіцца на стварэнне адзінай дзяржавы і фактычнае знішчэнне суверэнітэту. Я думаю, што сапраўдная мэта Расеі – гэта вызваліцца ад гэтага нафтавага гранту».

Эканамічны рост Расеі (% ВУП):

2010 – 4,5%

2012 – 3,7%

2014 – 0,7%

2016 – 0,2%

2018 – 1,5%

Эканамічная сітуацыя ў Расеі выглядае ці не лепш за беларускую. Таму энергетычныя субсідыі Крэмль пакідае толькі для сваіх. Са слоў амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча:

«Калі ідзе размова пра тое, што цана на газ у Беларусі павінна быць як у Смаленску, трэба разумець, што ў Расеі працуе складаная мадэль перакрыжаванага субсідавання. І вось гэтая мадэль у межах расейскага заканадаўства фармуе цану газу 70 долараў для Смаленску. Але гэта не значыць, што такі яго сабекошт».

Калі Менск не хоча стаць другім Смаленскам, мусіць вучыцца зарабляць самастойна. Пасля таго, як заканчваюцца грошы, пачынаюцца рэформы – кажуць эканамісты. Праўда, пакуль што ані праграмы, ані жадання да іх у Менску не назіраецца.

Аляксандр Папко, belsat.eu