Лукашэнка загадаў. Чыноўнікі па ўсёй Беларусі масава набываюць аўты люксавай камплектацыі

Жыць паводле сродкаў заўжды цяжка. Вядома ж, хочацца ўсяго і адразу. І тады на дапамогу можа прыйсці або банк з крэдытамі, або дзяржаўны бюджэт.

Акцябрскі раён Гомельскай вобласці. Адзін з тых рэгіёнаў краіны, што найбольш хутка выміраюць. За апошнія 17 гадоў насельніцтва тут скарацілася амаль на траціну. Нараджаюць не шмат ды і тыя, хто мог бы паляпшаць дэмаграфію, – выязджаюць у буйныя гарады Беларусі або на заробкі ў Расею.

Але ніякія эканамічныя праблемы людзей не могуць прымусіць чыноўнікаў адмовіцца ад прыгожага жыцця.

Прыгожа жыць не забароніш

Чыноўнікі з Акцябрскага райвыканкаму адчулі вялікую патрэбу ў новым аўце. Выбар паў на Geely Emgrand X7 New. Мадэль якога ў базавай камплектацыі каштуе ад Br 25 тыс., ці прыкладна 40 сярэдніх заробкаў на Гомельшчыне. Але вертыкальнікі не хочуць абмяжоўвацца простаю версіяй і спадзяюцца набыць аўта ў больш дарагой камплектацыі «люкс»: з аўтаматычнаю каробкаю перадачаў, кандыцыянерам, рухавіком аб’ёмам 2,4 ды скураным салонам.

Аўты ўжо былі, але захацелася чагосьці новага

Мясцовы блогер Андрэй Павук, які пільна сочыць за выдаткамі чыноўнікаў, цвердзіць, што ў гаражы старшыні райвыканкаму пасёлку Акцябрскі ўжо ёсць два службовыя аўты – Mercedes і Volkswagen Touareg.

«Мы збіралі подпісы, каб у дзіцячым садку зрабілі паркоўку і ходнікі заасфальтавалі. На гэта ў іх грошай няма. Затое грошы ёсць на новыя «цацкі» – на новыя аўта», – сведчыць блогер.

Джылі мясцовых журналістаў падкупілі

Не адстае ад вертыкальнікаў і рэдакцыя праўладнай мясцовай газеты «Чырвоны Кастрычнік».Як стала вядома на пачатку снежня Андрэю Павуку, друкаваны орган выканкаму таксама атрымаў за кошт мясцовага бюджэту новае аўта. Паводле блогера, гэткія падарункі могуць быць разлікам за патрэбную пазіцыю і за хаванне праўды аб сітуацыі ў раёне.

«Чырвоны Кастрычнік« піша ўсё ў аптымістычным святле. Каб людзі не апускалі галовы. Ведаеце, такі песімістычны аптымізм. Быццам, горш няма куды, а «Чырвоны Кастрычнік» кажа: не, ёсць яшчэ куды, ёсць!», – зазначыў спадар Павук.

Віцебскія чыноўнікі не адстаюць ад калегаў

Тэндары на нятанную маёмасць для чыноўнікаў – з’ява ў Беларусі частая. Толькі пару прыкладаў за апошні месяц: пра намер набыць новыя аўты заявілі ў выканкаме Расонаў, што на Віцебшчыне, ды ў аддзеле адукацыі пасёлку Зэльва, на Гарадзеншчыне. У абодвух выпадках чыноўнікі патрабуюць менавіта найдаражэйшую версію мадэлі Geely SC7.

«Мы жывем за капейкі, працуем за гэтыя капейкі, а яны набываюць сабе джыпы», – кажа жыхарка пасёлку Акцябрскі.

Вось ён паралельны свет: з аднаго боку джыпы з камплектацыяй «люкс» для чыноўнікаў, з іншага – збядненне ды масавы выезд людзей з пасёлку.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Глядзі таксама