Лукашэнка «возьмецца» за эканоміку найбяднейшых раёнаў Магілёўшчыны


Лукашэнка зноўку будзе ціснуць на чыноўнікаў, на гэты раз – каб вочы павылазілі. Такім чынам кіраўнік дзяржавы падчас наведвання Касцюковічаў паабяцаў вывесці Магілёўшчыну са стагнацыі. Чамусьці не дапамаглі ільготы, выданыя рэгіёну 4 гады таму.

Не сядзець на дзяржаўных датацыях, а прыносіць аддачу – гэтага Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад усходніх раёнаў Магілёўшчыны. Развіццё рэгіёну ён ацаніў на выязной нарадзе.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Народ тут павінен жыць годна і ганарыцца тым, што жыве ў Слаўгарадзе, Касцюковічах або ў Хоцімску. Сутнасць гэтага моманту заключаецца ў тым, што жым будзе такі, што ў некаторых вочы на ​​лоб палезуць».

Ціснуць ёсць за што. За 4 гады ў эканоміку 7 усходніх раёнаў Магілёўшчыны ўрад інвеставаў 350 мільёнаў долараў. Сваім указам Аляксандр Лукашэнка даў рэгіёну падатковыя льготы. Аднак усплёску эканамічнай актыўнасці, як прызнаўся сам Лукашэнка, не адбылося. Усход Беларусі – самы бедны з усяе беларускай правінцыі.

Антон Раднянкоў, Цэнтр новых ідэяў:

«У нас усё ў Менску, таму ўсе едуць вучыцца ў Менск. Адпаведна, у рэгіёнах няма моладзі. Каб моладзь вярталася, патрэбныя новыя і цікавыя месцы працы. Месцаў працы не ўзнікае, бо там малы рынак. А малы ён, бо адтуль з’ехала моладзь. І месцы працы не ўзнікаюць, бо немагчыма знайсці якасныя кадры – бо адтуль з’ехала моладзь».

На гэтае заганнае кола і скардзіліся апытаныя намі жыхары Магілёўшчыны. Два тыдні ў рэгіёне працавала каманда праграмы «Белсат едзе».

«Было б цудоўна, калі б у нас было больш працоўных месцаў. Ні для каго не сакрэт, што ў нас з гэтым велізарная праблема».

«Адвучымся на будаўнікоў, а куды далей ісці? У нас тут адна толькі будаўнічая арганізацыя. Туды прыходзіш, а яны: «У нас няма месцаў!»

«Прадпрыемствы адкрываць трэба. Што-небудзь, каб праца была!», – кажуць жыхары Крычава.

Адкрываць не атрымліваецца. Нават у багацейшых раёнах Магілёўшчыны ніводнае прадпрыемства за 10 гадоў не выпусціла новай для сусветных рынкаў прадукцыі – канстатаваў Камітэт дзяржкантролю. Праекты па выпуску новых шынаў, вырошчванні фарэлі ды соі поспеху не дасягнулі. У Крычаве, які ў ліку найбяднейшых, адзіны прамысловы гігант – цэментавы завод – ужо 6 гадоў пасля мадэрнізацыі працуе са стратамі.

«Нават на міліграм няма надзеі, што заўтра будзе лепш. Нават людзі, якія працуюць ва ўладных структурах – таксама пра гэта кажуць!» – каментуе журналіст Сяргей Няроўны, Крычаў.

Жорстка караць кіраўнікоў гэтых структураў на Магілёўшчыне Лукашэнка сёлета гразіў ужо двойчы.

Праблему развяжуць не паказальныя кары чыноўнікаў, а дэцэнтралізацыя – кажа аналітык Антон Раднянкоў, Цэнтр новых ідэяў:

«ІТ ж краіна! Ёсць розныя тэхналогіі. Кіраўніцтва міліцыі спакойна можа быць у адным горадзе. Парламент можа быць у іншым горадзе. Усе вялікія структуры можна разнесці па розных гарадах, і тады ў кожным з іх будзе фармавацца нейкая кампетэнцыя. Канстытуцыйны суд можа спакойна быць не побач з Палацам Незалежнасці, а ў Магілёве».

Кіраўнік Магілёўскай вобласці, ён жа экс-міністр сельскай гаспадаркі Беларусі, мае іншае развязанне эканамічных праблемаў. Леанід Заяц папрасіў працягнуць ільготы для ўсходніх раёнаў да 2025 года.

Аляксандр Папко, belsat.eu