Лукашэнка – у чорным спісе


Увядзенне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамога рэпрэсаваным і спрашчэнне працэдуры ўезду на тэрыторыю Польшчы для тых, хто патрабуе такой дапамогі. Гэта толькі некаторыя крокі, якія прапануе афіцыйная Варшава ў справе Беларусі.

З гэтай нагоды прэмʼер краіны Матэўш Маравецкі запрасіў на адмысловае спатканне прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў польскага Сейму, каб знайсці супольнае развязанне ў справе Беларусі.

«Мы ведаем, наколькі пераследуюць працаўнікоў у Беларусі, якія цяпер страйкуюць. Мы хочам ім дапамагчы. Хочам запэўніць іх, што нашая дапамога для ўсіх, хто хоча дэмакратычных выбараў, хто хоча цывілізаванага дыялогу. У рэшце рэшт ніхто ў Польшчы не падтрымлівае рэжыму, які фальсіфікуе выбары і запірае ў вязніцах людзей, катуючы іх», – упэўнены Матэўш Маравецкі, прэмʼер-міністр Польшчы.

Яшчэ адная нашая суседка – Літва – сёння паведаміла пра падрыхтаваны санкцыйны спіс, у які ўвайшлі больш за сто асобаў на чале з Лукашэнкам, адказных за рэпрэсіі ды фальсіфікацыі выбараў. Усім ім прапануюць замарозіць актывы і забараніць уезд у суседнюю краіну.

«Мы працягваем шукаць выйсце з сітуацыі, не чакаючы, пакуль пастановы ў справе санкцыяў будуць прынятыя на ўсёй тэрыторыі Еўразвязу», – кажа Гітанас Наўседа, прэзідэнт Літвы.

Латвія, у сваю чаргу, заклікае Брусель як мага хутчэй падрыхтаваць пакет санкцыяў супраць атачэння Аляксандра Лукашэнкі. І калі апошні застанецца пры ўладзе, налета нашая паўночная суседка плануе адмовіцца ад правядзення супольнага чэмпіянату свету ў хакеі. Свой санкцыйны спіс афіцыйная Рыга плануе апублікаваць неўзабаве.

«Санкцыі будуць датычыць пераважна службовых асобаў з Цэнтральнай выбарчай камісіі, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а таксама Адміністрацыі прэзідэнта, аднак канкрэтная інфармацыя будзе апублікаваная ў чацвер пасля падрыхтавання адпаведнага спісу з боку Эстоніі», – распавёў Эдгар Рынкевіч, міністр замежных справаў Латвіі.

А заўтра ў Берліне распачнецца сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу, падчас якой, паводле нямецкага боку, дыпламаты не пакінуць «без адказу сурʼёзных парушэнняў правоў чалавека і асноўных дэмакратычных прынцыпаў» у Беларусі.

Віталь Бабін, «Белсат»