Лукашэнка татальна «амалодзіць» органы дзяржкіравання


Кіраўніцтва Беларусі абрала курс кадравых перастановак і амаладжэння – заявіла ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання Наталля Качанава, кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі. Жыццё мяняецца, таму трэба мяняць і чыноўнікаў.

«Мы стварылі банк звестак аб маладзёнах паводле рэкамендацыі кіраўнікоў вобласцяў і мясцовых органаў улады. Гэта адмысловы кадравы рэзерв, які дазволіць прыцягнуць на дзяржаўную службу людзей, якія ўжо вызначыліся, зрабілі для сябе гэты выбар», – гаворыць Наталля Качанава.

Сама па сабе ідэя інфармацыйнай базы маладых кадраў і паніжэння сярэдняга ўзросту чыноўнікаў вельмі карысная, кажа палітолаг Андрэй Ягораў. Але каго прарыўнога могуць парэкамендаваць чыноўнікі са старой сістэмы?

«Асноўны крытэр адбору кадраў – ідэалагічная лаяльнасць і магчымасць убудавацца ў вертыкалізаваную і іерархізаваную сістэму загадаў, дзе цэняцца добрыя выканаўцы, лаяльныя людзі, а не ініцыятыўныя людзі, здольныя творча вырашаць задачы», – гаворыць Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

У адрозненні ад суседніх краінаў, у нас няма сапраўднага падзелу ўладаў. Увесь кадравы рэестр, ад рэктараў універсітэтаў да міністраў, залежыць ад выбару адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. У выніку нават прэм’ер-міністраў беларусы адрозніваюць толькі па вусах і форме твару. Мы папрасілі жыхароў Віцебску ўзгадаць прозвішчы трох прэм’ер-міністраў. Амаль ніхто не даў рады:

«Сямак… Шушкевіч».

«Кабяк?»

«Сідарэнка быў?»

«Сідорскі».

«Кебіч, Сідорскі і цяперашні».

«Мясніковіч… І той, каторы цяпер. Румас гэта не ён… Румас?»

«Да Румаса быў Кабяк».

«Асабліва прэмʼер-міністр у Беларусі нічога не вырашае».

Што да старых чыноўнікаў, якіх мусяць замяніць маладыя ды энергічныя, паводле Наталлі Качанавай, іх досвед спатрэбіцца, хоць бы ў экспертных саветах.

«Я паглядзеў статыстыку па дзяржслужбе. Нікуды не сыходзяць гэтыя старыя. Яны або ідуць адпачываць, або павялічваюць адсотак дзяржслужбоўцаў, якім больш за 60 гадоў. І гэты адсотак расце найхутчэй у нашай краіне», – каментуе Аляксандр Пласкавіцкі, экс-кіраўнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Так старыя правераныя кадры перадаюць маладым звычку да несамастойнасці і вымушанай бездапаможнасці. Па ўсёй вертыкалі – ад Савету міністраў да гарадскіх кіраўнікоў.

«Любыя рашэнні, якія патрабуюць аператыўнай рэакцыі, нават у бяспецы дзяржавы, напрыклад, праблема ўплыву расейскіх медыяў у рэгіёнах. Пакуль гэтая праблема асэнсоўваецца на месцах, пакуль перададуць вышэй, пакуль адрэагуюць, сітуацыя ўжо змянілася», – тлумачыць Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Як лічыць Андрэй Ягораў, сапраўднага амаладжэння органаў улады не зробіш па рэкамендацыях старых чыноўнікаў. Толькі дэмакратычны досвед, толькі адкрытыя конкурсы на здольнасці.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu