Лукашэнка супраць «Усходняга Партнёрства»


Сёння можна было назіраць чарговы эпізод канфлікту Лукашэнкі з Захадам.

Новы віток канфлікту з Захадам Аляксандра Лукашэнкі і верных яму чыноўнікаў. Беларусь зніжае ўзровень удзелу ў ініцыятыве

«Усходняе партнёрства», абяцае адказаць санкцыямі краінам Еўразвязу і Канадзе.

Таксама Генпракуратура Беларусі сёння запатрабавала ад Міністэрства юстыцыі Польшчы ўзяць пад варту і выдаць заснавальнікаў тэлеграм-каналу «Нехта»: Сцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча – гэта ў межах раней падпісанай Дамовы аб прававой дапамозе.

Пасля выбараў Беларусь ператварылася ў тэатр чужых ваенных дзеянняў, стала аб’ектам непрыкрытай агрэсіі вонкавых сілаў. Дапамаглі толькі Расея і Кітай. А вось пазіцыя Польшчы ды Літвы можа перакрэсліць усе дасягненні гадоў супрацы.

Такія заявы зрабіў сёння Аляксандр Лукашэнка, сабраўшы ў сваім палацы спецнараду ў міжнароднай палітыцы. Лукашэнка загадаў Міністэрству замежных справаў задзейнічаць патэнцыял міжнародных арганізацыяў для абароны сваіх інтарэсаў. Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь зніжае ўзровень удзелу ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства» да экспертнага. Значыць, на саміты больш не будуць ездзіць міністры ды кіраўнікі ведамстваў.

«Дзеянні нашых партнёраў не пакідаюць нам нічога іншага, акрамя як адэкватна рэагаваць на гэтыя негатыўныя крокі адносна Беларусі. Не мы былі ініцыятарамі гэтых крокаў. Мы толькі адэкватна рэагуем на тыя негатыўныя заявы і канкрэтныя дзеянні нашых заходніх партнёраў, звязаныя з умяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі», – заявіў міністр замежных справаў Беларусі.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.
Фота: mfa.gov.by

«Усходняе партнёрства» – праект супрацы Еўразвязу з 6-цю постсавецкімі краінамі для развіцця дэмакратыі ды бяспекі ў палітыцы, гаспадарцы і энергетыцы. Для Беларусі гэта перадусім дзясяткі і сотні мільёнаў еўраў мікрафінансавання і дапамогі ў медыцыне, адукацыі, экалогіі ды гэтак далей. Але пагрозы Менску спыніць дыялог не спрацуюць, падкрэсліваюць у Бруселі.

«Улады Беларусі замест гэтага мусяць насамрэч задумацца, як спыніць рэпрэсіі супраць уласнага насельніцтва, і запусціць паўнавартасны нацыянальны дыялог пра выхад з сітуацыі. А дыялог між Еўразвязам і ўладамі Беларусі раней УЖО быў зніжаны да экспертнага ўзроўню», – патлумачыў Пэтэр Стана, прэс-сакратар Служба замежных дзеянняў Еўразвязу.

У чацвер пытанне стасункаў з Беларуссю разгледзяць на саміце міністраў замежных справаў дзяржаў Еўразвязу. Гаворка пойдзе і пра ўзмацненне санкцыяў за забойствы, катаванні і збіццё мірных грамадзянаў. Цяпер у Аб’яднанай Еўропе ясна ўспрымаюць Лукашэнку як узурпатара і нелегітымнага кіраўніка Беларусі, падкрэслівае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. А саюзнікі Лукашэнкі – толькі на Усходзе.

«Цяпер той рэдкі выпадак, калі можна сказаць, што Лукашэнка кажа праўду. У тым сэнсе, што Кітай і Расея яму дапамаглі палітычна, спачатку прызнаўшы яго так званую перамогу на выбарах. А пазней Пуцін заяўляў пра вайсковыя часткі і рэзервы, якія высунулі да беларускай мяжы на выпадак беспарадкаў», – кажа Віталь Цыганкоў. Але гэтая падтрымка не бясплатная.

«Расея хацела б узамен за гэтую падтрымку, каб Лукашэнка быў іх з усімі трыбухамі, без агаворак, без прэтэнзіяў на самастойную ролю, а Беларусь каб была проста расейскай правінцыяй», – мяркуе эксперт.

А вось што думаюць жыхары і госці Менску:

«У Пуціна ёсць планы на нас. Лукашэнка даўно ўлез у крэдытную яму з Расеяй. Але аддаваць грошы нам асабліва няма чым. Таму Пуцін спрабуе ўплываць палітычнымі метадамі, засылаючы сваіх прапагандыстаў».

«У іх падобныя метады кіравання і ціску на людзей. Яны як правая і левая рука».

«Хіба што Пуцін хоча нашую тэрыторыю да сябе далучыць. Але наколькі я ведаю, усе беларусы супраць уваходжання ў РФ».

І нават сам Лукашэнка сёння паскардзіўся, што за гандаль з Еўразвязам на яго ціснуць расейскія СМІ.

Яраслаў Сцешык belsat.eu