Лукашэнка ставіць візавы бар‘ер


Шлях у Шэнген беларусам перакрыты. Консульствы, якія выдавалі амаль тры чвэрці візаў грамадзянам Беларусі, прыпыняюць прыём дакументаў. Амбасадары Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славаччыны, Балгарыі выехалі для кансультацыяў. Дзе нашыя суайчыннікі змогуць атрымаць візы – распавядзе Аляксандр Папко.

Амбасады і візавыя цэнтры Літвы ў Беларусі прыпынілі прыём дакументаў. Дакументаў не прымаюць таксама прадстаўніцтвы Польшчы ў Менску і Горадні. Польскія візавыя цэнтры ў Берасці, Пінску і Баранавічах перастануць браць дакументы ў панядзелак.

«Для ўладаў, магчыма, лепшым варыянтам было б, калі б усе пратэстоўцы выехалі. Але будучы ў гэткім узбуджаным стане, яны рацыянальна не думаюць, яны думаюць толькі пра помсту», – каментуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Праблемы з атрыманнем візаў з’явіліся пасля таго, як краіну пакінулі 9 літоўскіх і 32 польскія дыпламаты. Удвая скараціць штат сваіх прадстаўніцтваў ад Варшавы і Вільні запатрабавала МЗС Беларусі – у адказ на «дэструктыўную дзейнасць Польшчы і Літвы».

«Беларусам будуць даваць магчымасць падавацца на візы ў іншых консульствах Еўрапейскага Звязу, нават калі асноўнай мэтай візіту будзе Літва ці Польшча. Аднак консулы іншых краінаў ЕЗ наўрад ці заменяць настолькі прадуктыўныя польскія і літоўскія консульствы», – мяркуе аналітык даследчых цэнтраў ISANS і EAST Center Андрэй Елісееў.

Шэнгенскую візу ў мінулым годзе атрымаў кожны дзясяты дарослы беларус. Цэлых 40 адсоткаў ад шасцісот сарака тысяч візаў выдалі консульствы Літвы, яшчэ 33 адсоткі – прадстаўніцтвы Польшчы.

ПралабіявАць у Еўразвязе адмену візаў для беларусаў у выпадку дэмакратычных пераменаў абяцаў прэмʼер Польшчы. Ці падштурхнуць ЕЗ да бязвізу створаныя Лукашэнкам праблемы?

«Я вельмі сумняваюся, што Еўракамісія будзе гэта сурʼёзна абмяркоўваць. У мноства краінаў ёсць візавы рэжым з Еўразвязам, у тым ліку ў краінаў з вельмі няпростай палітычнай сітуацыяй. Немінуча ўзнікне пытанне, чаму такое выключэнне робяць толькі для Беларусі», – мяркуе Андрэй Елісееў.

«Будзем працаваць столькі, колькі гэта будзе магчыма», – амбасада Польшчы заяўляе, што ўсё роўна будзе выдаваць візы. Амбасада Літвы абяцае даць каментар у панядзелак. Каб паехаць у гэтыя краіны, беларусы могуць звярнуцца ў іх консульствы ва Украіне ці Расеі. Што цяпер будуць рабіць тыя, хто рэгулярна ездзіў у Літву або Польшчу?

«Чакаць, пакуль будзе можна, і адстойваць свае правы!»

«Яны ўжо прызвычаіліся выкручвацца!»

«Раней, да каронавіруса, гэта было б праблемай, а цяпер гэта не настолькі важна!» – кажуць жыхары Берасця.

У адной Польшчы працуюць больш за 100 тысяч беларусаў. Рашэнне ўладаў Беларусі бʼе па іх уласных грамадзянах – заявіў учора намеснік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач. Ён паабяцаў, што дзеянні Менску «не застануцца без адказу».

Аляксандр Папко, «Белсат»