Лукашэнка склікаў «таемную» нараду пасля прапановаў Масквы аб «татальнай інтэграцыі»


Паводле неназваных крыніцаў выдання «Наша Ніва», Аляксандр Лукашэнка склікаў цэлую надзвычайную нараду з нагоды нядаўніх заяваў Дзмітрыя Мядзведзева. Самое паседжанне прайшло за зачыненымі дзвярыма. Кажуць, што там вырашалі – як захаваць незалежнасць. Больш за тое – усе прысутныя нібыта падтрымалі такі такое рашэнне.

Што рабіць ва ўмовах ціску? Пільней сачыць за інфармацыйным полем Расеі, а таксама падрыхтаваць рэформы як адказ на шантаж Крамля, меліся прапаноўваць чыноўнікі Лукашэнку на адмысловай нарадзе.

Некаторыя адмыслоўцы раяць айчыннай вертыкалі не панікаваць заўчасна.

Палітолаг Валерый Карбалевіч: «Я думаю, сапраўдная мэта Расеі – гэта проста вызваліцца ад нафтавага гранту ці ўвогуле ад эканамічнай падтрымкі Беларусі».

Напярэдадні Лукашэнка падчас прэсавай канферэнцыі з расейскімі журналістамі даводзіў, што не прадасць краіны за бочку нафты, адказваючы, відавочна, на недвухсэнсоўныя прапановы расейскага прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева яшчэ больш інтэгравацца з Расеяй. У Маскве сцвярджаюць, што такія заявы – натуральны нацыяналізм.

Палітолаг Андрэй Суздальцаў: «Ён утрымае ўладу з беларускімі нацыяналістамі. Ён імгненна пераабуецца, ён абʼявіць, што ўсе праблемы ў краіне толькі ад Расеі, ён ужо цяпер гэта кажа. Што Расея парушае суверэнітэт Беларусі, хоча яе захапіць».

Менск жа хоча кампенсацыю за гэтак званы падатковы манеўр: налета Беларусь, паводле віцэ-прэмʼера Ігара Ляшэнкі, разлічвала атрымаць ад Расеі 310–315 мільёнаў долараў. Праўда, ягоны расейскі калега Антон Сілуанаў учора заявіў, што Крэмль ніякіх абяцанняў хаўрусніку не даваў. Але афіцыйны лідар патрабуе платы за сяброўства: «Мы нічога лішняга не патрабуем. Дамовіліся – трэба выконваць. Вось і ўсё. Калі няма выканання – няма саюзу».

Як амаль няма і выканання дамоўленасцяў у межах Саюзнай дзяржавы: ні агульнага суда, ні Канстытуцыі, ні парламенту, ні адзінай валюты. Амаль за 20 гадоў існавання гэткай дамовы, бадай, адзінае, што ўдалося стварыць, гэта адзіную эканамічную прастору – Еўразійскі эканамічны саюз. Аднак…

Палітолаг Валерый Карбалевіч: «Праблема не ў тым, што будзе менш грошай. Праблема ў тым, як на гэта будзе рэагаваць беларускае грамадства».

Мы запыталі самых беларусаў: што для іх важнейшае – страта суверэнітэту і фінансавая дапамога ад усходняга хаўрусніка ці ўсё ж незалежнасць і эканамічныя цяжкасці?

Жыхары Менску:

«Было б нядрэнна, калі б мы былі разам з Расеяй».

«Беларусь заўсёды змагалася за незалежнасць, мы заўсёды былі вольнаю краінаю».

«Я за суверэнітэт».

«Калі па праўдзе, то я 50/50».

«Я гатовы нават заплаціць за тое, каб суверэнітэт застаўся».

«Кожная краіна мусіць быць самастойная, у склад нікога ўваходзіць не трэба. Проста трэба ўмець дамаўляцца».

Чарговы раз дамовіцца адносна газу ды нафты Пуцін і Лукашэнка паспрабуюць ужо 25-га снежня. Што праўда, падчас учорашняй прэс-канферэнцыі кіраўнік Беларусі прызнаўся, што не ўпэўнены ўвогуле ў рэальнасці гэткага спаткання.

Віталь Бабін, «Белсат»