Лукашэнка шукае п'яніц ва ўрадзе


Не паспеў разабрацца з карупцыяй у шэрагах сваіх прызначэнцаў, як узяўся за п’янства.

Сённяшнія перастаноўкі ва ўрадзе Аляксандр Лукашэнка патлумачыў ледзьве не антыалкагольнаю кампаніяй сярод чыноўнікаў: «Я працягваю маніторыць і адсочваць сітуацыю пасля абнаўлення ўраду. Хачу сказаць, што гэта яшчэ не канец […]. Публічна хачу сказаць аб недапушчальнасці пʼянства. Мне сорамна было пра гэта казаць, але шмат якія кіраўнікі, якіх я адправіў нядаўна [у адстаўку], за каўнер закладалі парадкам».

Што праўда, выпіваць і хадзіць у лазню чыноўнікам можна, прызнаўся Лукашэнка, галоўнае – ведаць меру. Бо, калі добра выпіў, ты ўжо не кіраўнік: на наступны дзень толькі і думаеш, дзе і як бы пахмяліцца. Зрэшты, са старою гвардыяй, якая, як аказалася, не толькі не ратавала айчынную эканоміку, але яшчэ і рэгулярна закідала за каўнер, Лукашэнка не развітваецца – звольненым чыноўнікам ужо шукаюць новае месца працы. Мы ж запыталіся на вуліцах Менску, чаму да адной праблемы ўраду – карупцыі – дадалося і пʼянства.

«Для ўсіх ужо звычка ўсё грэбсці пад сябе»

«Як мне адзін чалавек сказаў: трэба, каб сюды прыйшоў ледніковы перыяд»

«Усё ідзе з галавы»

«Гэта праблема самога Лукашэнкі, што ён такіх людзей набірае», – кажуць менчукі.

Апроч шэрагу новапрызначаных кіраўнікоў райвыканкамаў, прадпрыемстваў і амбасадараў кіраўнік Беларусі вызначыўся і з кандыдатурамі новых міністраў фінансаў ды энергетыкі. Імі сталі адпаведна 41-гадовы Максім Ермаловіч, які заступіць на месца Уладзіміра Амарына, а таксама на год старэйшы за свайго калегу з фінансавага ведамства Віктар Каранкевіч.

«Таму ў гэтым плане амаладжэнне кадраў, якое ідзе за кошт людзей, якія выраслі ў іншых умовах ды якія хоць неяк знаёмыя з рынкам (напэўна, шмат хто з іх валодак англійскаю мовай ды як перамоўнікі маюць іншы патэнцыял), думаю, гэта працэс натуральны», – падкрэслівае палітолаг Сяргей Нікалюк.

Новага міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча прызначылі на месца знятага яшчэ ў траўні Уладзіміра Патупчыка. Апошняга Лукашэнка раскрытыкаваў падчас штогадовага паслання да парламенту і народу – маўляў, міністэрства гэтак і не дало цьмянага адказу, як будзе ўбудаваная першая беларуская АЭС у айчынную эканоміку. Аднак і прызначаць кагосьці новага на гэтую пасаду не спяшаўся. У выніку Беларусь, якая будуе атамную электрастанцыю, жыла без міністра энергетыкі ажно 4 месяцы!

«У нас на 35 адсоткаў збыткоўнасць магчымасцяў, і таму, як інтэграваць БелАЭС у энергетычную сістэму, гэта, безумоўна, вельмі важнае пытанне. Плюс, безумоўна, трэба развязаць пытанні аб газе, нафце, энерганосьбітах, і тут трэба было падабраць вельмі добрага чалавека», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Што да версіі аб прызначэнні гэткіх добрых урадоўцаў выключна да наступных выбараў, то гэткую інфармацыю Лукашэнка назваў поўным глупствам. Наадварот, прызнаўся кіраўнік Беларусі, новы ўрад, які мусіць развязаць цэлы шэраг праблемаў, будзе толькі ў плюс самому Лукашэнку і падчас будучай выбарчай кампаніі.

Віталь Бабін, «Белсат»