Лукашэнка распавёў, чаму выклікаў адказных за нафту ў выходны


Паводле кіраўніка Беларусі, Беларусі прапаноўваюць 6 млн тонаў нафты з альтэрнатыўных крыніц, а пытанне паставак нельга адкладаць.

«Думаю, што мы знойдзем развязанне. Я вас торгнуў у выходны дзень, бо пытанне нельга адкладаць. Нам трэба прымаць рашэнне, і ўжо з панядзелка-аўторка забіраць гэтую нафту, таму што аб’ёмы вялікія, больш за шэсць мільёнаў тонаў. Таму, калі нам гэта выгадна, значыць будзем купляць», – паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Айчынныя перапрацоўчыя заводы недаатрымліваюць каля паловы аб’ёму сыравіны, неабходнай для вытворчасці нафтапрадуктаў на экспарт. Праблема актуальная з пачатку года – Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў нашую краіну.

«20–21 мільён тонаў можа ісці з Расеі па трубе, гэтага нам дастаткова. Наколькі нам хопіць 6 мільёнаў тонаў? Прыкладна, на тры – тры з паловай месяцы, калі браць загрузку 2019 года», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

7 сакавіка 2020 года. Аляксандр Лукашэнка сустракаецца са старшынём «Белнафтахіму» Андрэем Рыбаковым і віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым. Фота – president.gov.by

Па рынкавых цэнах прапановаў маем дастаткова, адзначае Лукашэнка. Сярод альтэрнатыўных Расеі варыянтаў раней гучалі ЗША, Нарвегія, Казахстан і Азербайджан. З якіх краінаў і якім шляхам маюць паступіць абяцаныя Лукашэнкам больш за 6 мільёнаў тонаў, пакуль не вядома.

«Каронавірус зніжае попыт на нафту, кошт падае. Гэта на руку Лукашэнку і Беларусі, калі казаць пра нафту. Аднак, наколькі я разумею, канфлікт паміж Пуціным і Лукашэнкам выходзіць за межы эканомікі», – кажа блогер і эканамічны аглядальнік Мікалай Маслоўскі.

Танкер з амерыканскай нафтай у гданьскім порце ў 2017 годзе. Ілюстрацыйнае фота – Lukasz Dejnarowicz / Forum

А таму, нягледзячы на выгаднейшыя ўмовы паставак праз нафтаправод «Дружба», пакуль Беларусь шукае шляхі ў абыход. Праз трэйдараў мы ўжо набылі тую ж расейскую нафту без прэміі $ 10 пастаўляльнікам. Першую партыю на 160 тонаў сёння пачаў прымаць «Нафтан». Амаль на 100 тысяч тонаў болей неўзабаве атрымаем танкерамі з Азербайджану. Дамоўленасць пра не менш як 300 тысяч тонаў на гэты месяц ёсць таксама з расейскім бізнесоўцам Міхаілам Гуцырыевым.

Юлія Лабанава, «Белсат»