Лукашэнка расейскім журналістам: «Нас бессэнсоўна шантажаваць»


Гаварыў 4 гадзіны і паабяцаў інтэграцыю з Расеяй, але… калісьці ў будучыні. Аляксандр Лукашэнка правёў прэсавую канферэнцыю для прадстаўнікоў расейскіх медыяў, а таксама папулярных блогераў. Кіраўнік дзяржавы паскардзіўся журналістам, што расейскае кіраўніцтва спрабуе ўключыць Беларусь у склад Расейскай Федэрацыі.

Апагей прэс-тура: 80 расейскіх журналістаў і блогераў, паглядзеўшы на дасягненні беларускай гаспадаркі і пакаштаваўшы беларускай малочнай прадукцыі, прыехалі на прэс-канферэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы незалежнасці. Праўда, часам кіраўнік Беларусі не адказваў наўпрост на пытанні, а проста вяшчаў на самыя балючыя тэмы, папулярныя ў расейскіх медыях.

«Часам я чую: ну што мы кормім увесь час Беларусь? А некаторыя нават падлічылі, што за час незалежнасці нам аж $100 млрд адвалілі. Я калі чытаю, думаю, што калі б $100 млрд, то беларусы б падавіліся», – выказаўся кіраўнік Беларусі.

Сёння Лукашэнка завочна адказаў на ўльтыматум Дзмітрыя Мядзведзева, які падчас візіту ў Берасце паставіў у залежнасць адзіную палітыку ў галіне нафты і газу – то бок меншыя кошты на энерганосьбіты – і пераход Беларусі і Расеі на адзіную валюту, суд і мытню.

І вось што заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка:

«Шантажаваць нас, спрабаваць нахіляць, стаць каленам на грудзі – бессэнсоўна. Мы мусім ісці да інтэграцыі падчас з’яднання нашых народаў. Не магу пайсці на закулісныя махінацыі, усё мусіць быць шчыра і адкрыта».

Найважнейшым на сёння застаецца пытанне будучых коштаў на газ і кампенсацыі з боку Расеі за так званы «падатковы манеўр», які ў бліжэйшыя 6 гадоў можа прынесці Беларусі каля $ 10 млрд долараў стратаў. Як паведаміў віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка, напярэдадні Дзмітрый Мядзведзеў у Берасці, як і ўся расейская ўрадавая дэлегацыя, папросту адмовіліся абмяркоўваць гэтае пытанне. Хаця ў Менску разлічвалі на $ 310-315 млн кампенсацыі.

Лукашэнку адказаў расейскі віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў Антон Сілуанаў: Масква не абяцала ніякіх кампенсацыяў за падатковы манеўр, бо гэта ўнутранае пытанне Расеі.

Праблема нафтагазавых зніжак і прэферэнцыяў сведчыць, што Аляксандр Лукашэнка не разумее пытанняў нацыянальнай бяспекі Беларусі ў стратэгічным сэнсе, мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Беларусі даўным-даўно трэба было перайсці на сусветныя кошты на энерганосьбіты, бо без гэтага немагчыма стварыць канкурэнтаздольнай прамысловасці ў краіне. І толькі таму, што няма сапраўднага прыватнага бізнесу, мы да сёння чапляемся за велізарную залежнасць ад Расеі».

Сёння ж Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што пытанні энерганосьбітаў канчаткова абмяркуе з Уладзімірам Пуціным 25-га снежня, у Маскве.

«Што датычыцца гарачых нагодаў, то якія б іскры не ляцелі на найвышэйшым узроўні, нават не спрабуйце раздуваць з іх полымя. Гэта працоўныя моманты», – супакойваў Лукашэнка расейцаў.

Але паскардзіўся, што ў расейскім кіраўніцтве прасоўваюць ідэю паглынання Беларусі пад выглядам глыбокай інтэграцыі:

«Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі. Я заўжды задаю пытанне: дзеля чаго такія рэчы робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краінах і міжнародная супольнасць?»

У Беларусі, у параўнанні з 90-мі, ідэя поўнага аб’яднання з Расеяй ужо не такая папулярная. Вось што лічаць жыхары Менску:

«Лепш нам да Захаду рухацца, чым да Расеі».

«І з Захадам, і з Расеяй. Так трэба».

«Мы будзем прытрымлівацца нейтралітэту і там, і там».

«У Расеі зашмат праблемаў сёння. Хочацца, каб у нас такіх праблемаў не было».

Але на Усходзе рыторыка Лукашэнкі пра любоў да Расеі можа сыграць супраць яго, кажуць адмыслоўцы. Каментуе Уладзімір Мацкевіч:

«Рускі мір і тая ідэалогія, якая цяпер пануе ў Расеі, увогуле не дазваляе зразумець такой каштоўнасці, як нацыянальны суверэнітэт нейкай іншай краіны. Для іх Расея – гэта ўсё».

Першапачаткова Аляксандр Лукашэнка стварыў прэс-туры для расейскіх рэгіянальных журналістаў, каб стаць папулярным у Расеі кандыдатам на пасаду пераемніка Барыса Ельцына. Але часы змяніліся, і цяпер кіраўнік Беларусі сярод іншага пераконвае запрошаных гасцей не ваяваць у інфармацыйных войнах супраць братэрскіх народаў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM