Лукашэнка публічна паспрачаўся з Пуціным за кошты на газ


Крытыкаваў Мытны звяз за няроўныя ўмовы для суб‘ектаў, публічна паспрачаўся з Уладзімірам Пуціным за кошт на газ. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы чальцоў АДКБ у Пецярбургу меўся высвятляць стасункі таксама і з прэм’ерам Арменіі Нікола Пашыньянам – за сваю бястактнасць у каментарах пра Ерэван.

Як збіць кошты на расейскі газ? Націснуць на сакральнае… Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Мы маем найгоршыя ўмовы, чымся Нямеччына, я пра гэта не аднойчы казаў. Нібы ваявалі супраць Нямеччыны разам, але нашыя людзі, якія яшчэ пасля вайны не памерлі, маюць такую сітуацыю. Яны маюць сёння кошт 200 долараў, а мы дапусцім 130 долараў таму, што туды яшчэ 3000 км качаць трэба!»

Гаспадар сустрэчы чальцоў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету мусіў сказаць СТОП. Уладзімір Пуцін, кіраўнік Расеі:

«Але калі б была рынкавая для Беларусі, не было б 127-129 долараў, а было б пад 200 – вось у чым справа. Але давайце мы падыскутуем ужо ў закрытым рэжыме. Дзякуй вялікі».

За свае выказванні Лукашэнку давялося папрасіць прабачэння. Эмоцыі кіраўніка былі звязаныя з намаганнямі мець роўныя эканамічныя ўмовы ў інтэграцыйным саюзе… Пра сваё незадаволенне Крамлём у апошні час адкрыта казала толькі саюзная Арменія. Прэмʼер Нікола Пашыньян пагадзіўся адкласці да наступнага саміту АДКБ пытанне змены ген сакратара арганізацыі, з армянскага на іншага.

«Мы чуем з Крамля, што Арменія ледзь не прасіла адкласці гэтае пытанне з-за перадвыбарнай сітуацыі, чаго не было, Ерэван нікога ніколі ні пра што не прасіў, нічога не прапаноўваў», – каментуе Рубэн Мэграбʼян, палітолаг, Арменія.

Палітолагі з Арменіі і Беларусі пагаджаюцца, што ў вачах лідараў краінаў АДКБ Арменія выглядае белаю варонаю. Гэтае стаўленне кіраўнік Беларусі напярэдадні прадэманстраваў публічна. Абмяркоўваў Арменію з паслом Азербайджану. Краіны, з якою наш вайсковы хаўруснік па АДКБ знаходзіцца ў стане фактычнае вайны за Нагорны Карабах і якой Беларусь прадае ракетныя комплексы «Паланэз». Аляксандр Лукашэнка:

«Пашынян мусіць проста ва Урадзе разабрацца з сітуацыяй, бо яны ўзначальваюць сёння ЕЎРАЗЭС – наш эканамічны саюз, і АДКБ. Вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца на такім пераходным перыядзе і ці Арменія дасць рады?»

Таму апроч спантаннай спрэчкі з Пуціным высвятляць стасункі Лукашэнка меўся «ужо ў закрытым рэжыме» і з абураным Нікола Пашыньянам.

«Вырашэнне гэтай спрэчкі Лукашэнка-Пашыньян хутчэй за ўсё будзе знойдзенае дзякуючы пазіцыі Расеі», – гаворыць палітолаг Алесь Лагвінец.

Іншая справа, што вырашаць спрэчку двух незадаволеных расейскай інтэграцыяй хаўруснікаў, Крэмль хіба зусім не спяшаецца

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Alexei Nikolsky / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / FORUM