Аб'ектыў 17.11.2019 Лукашэнка прыгразіў, што глыбейшай інтэграцыі з Расеяй можа не адбыцца


«Нам кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», – на выбарчым участку Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на пагаршэнне ўмоваў гандлю з Расеяй. Кіраўнік Беларусі прыгразіў сарваць падпісанне інтэграцыйных дамоваў. Чым так незадаволены Менск?

«Навошта патрэбны такі саюз?» – Аляксандр Лукашэнка зноў абурыўся станам беларуска-расейскіх стасункаў. Ён прыгразіў, што планаванае на 8-га снежня падпісанне дакументаў аб паглыбленні інтэграцыі можа і не адбыцца.

«Калі не будуць развязаныя прынцыповыя моманты – пастаўка вуглевадародаў, адкрыццё рынкаў для нашых тавараў, зняцце гандлёвых бар’ераў, – ніякія дарожныя мапы не могуць быць падпісаныя», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пазіцыя расейскага ўраду цалкам супрацьлеглая. Перамовы пра цану на газ – толькі пасля таго, як Менск завершыць перамовы пра паглыбленне інтэграцыі. Насамрэч газавае пагадненне падпішуць незалежна ад дамоваў афіцыйных лідараў, перакананая палітолаг Вольга Харламава:

«У нас кожныя два апошнія месяцы года – гэта перамовы па коштах на газ, коштах на нафту, абʼёмах продажу нафты. Таму я не лічу, што гэты год прынцыпова адрозніваецца ад папярэдніх».

Ні інтэграцыйныя, ні газавыя перамовы сарваныя не будуць – з менскай эксперткаю салідарны палітолаг з расейскага эканамічнага ўніверсітэту Андрэй Кошкін.

«Прэзідэнт краіны змагаецца за кожны пункт для насельніцтва сваёй краіны. І гэтым ён хацеў падкрэсліць важнасць перамоваў, якія чакаюцца. Я расцэньваю гэта так», – кажа расейскі эксперт.

За тысячу кубаметраў газу краіны Еўразвязу плацяць у сярэднім 180 долараў. Менск плаціць 127. Беларускі ўрад ужо звярнуўся ў Крэмль з просьбаю кошт знізіць. Таксама Менск усё яшчэ чакае кампенсацыі за адмену экспартных мытаў на расейскую нафту, якія да гэтага фактычна ішлі ў беларускі бюджэт. У кастрычніку міністр фінансаў нашае краіны ацаніў сёлетнія страты ад гэтага на 800 мільёнаў долараў.

«Зразумела, што субсідыі будуць скарачацца, кошты на вуглевадароды будуць павышацца. Таму будуць спрабаваць шукаць альтэрнатыўныя крыніцы, і неабавязкова гэтыя крыніцы будуць сапраўднымі», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

Кітай, Казахстан, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты – там, на думку эксперткі, Аляксандр Лукашэнка будзе шукаць крэдытаў. Аднак мэта гэтых пошукаў, як мяркуе Вольга Харламава, – не аслабіць залежнасць ад Крамля, а знайсці спосаб яго пашантажаваць.

Аляксандр Папко belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары