Лукашэнка праводзіць паказальныя антыкарупцыйныя чысткі. Ці ўдасца зменшыць жыроўкі за кошт антыкарупцыйнай кампаніі?


Масавыя антыкарупцыйныя зачысткі. Адразу 50 крымінальных спраў завялі следчыя органы паводле выяўленых фактаў карупцыі ў Жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Таксама паведамляецца пра выяўленне карупцыйных схемаў у Міністэрстве архітэктуры. Чым выкліканая гэтая кампанія і чаму некаторыя карупцыйныя схемы, якія нясуць найвялікшыя страты насельніцтву, следчыя органы кранаць не наважваюцца?

«Жыраваць за кошт грошай людзей недапушчальна ні для каго. Калі такія факты будуць выяўленыя да вашага наступнага ўдакладнення тарыфаў, міністру трэба шукаць іншую працу», – казаў Лукашэнка.

Гэтак Аляксандр Лукашэнка пагражаў чыноўнікам месяц таму, на фоне планаванага налета пераходу да 100%-й аплаты насельніцтвам усіх паслугаў ЖКГ апрача ацяплення. Пры гэтым ён запатрабаваў знізіць сабекошт гэтых паслугаў і знайсці вінаватых у яго завышэнні.

Адказам сталі масавыя зачысткі ў сістэме ЖКГ. Больш за 50 крымінальных спраў заведзена супраць чыноўнікаў камунальнай гаспадаркі, якія, за хабар, нібыта замаўлялі працы па абслугоўванні камунальнай інфраструктуры набліжаным да сябе кампаніям і пераплачвалі ім з бюджэтных грошай, павышаючы, такім чынам, сабекошт паслугаў ЖКГ для насельніцтва.

«Столькі гадоў існуюць гэтыя схемы, а АБЭП, дзяржкантроль не мог гэтага выявіць раней, а, раптам, у адзін дзень яны заводзяць 50 спраў. Ведалі. Кантралявалі», – кажа былы следчы пракуратуры Алег Волчак.

Наколькі ўдасца зменшыць нашыя жыроўкі за кошт дзейнай антыкарупцыйнай кампаніі ў Жыллёва-камунальнай гасапдарцы, пакуль невядома. Але, адмыслоўцы адзначаюць, што, дагэтуль антыкарупцыйныя кампаніі ў Беларусі нярэдка былі накіраваныя супраць абраных канкрэтных выканаўцаў, але не на разбурэнне саміх карупцыйных схемаў. У выніку месцы асуджаных карупцыянераў проста займаюць новыя і бюджэтныя грошы працягваюць выцякаць у кішэні зламыснікаў.

«Перадусім затрымліваюць канкурэнтаў. Як ліквідуюць канкурэнтаў, саджаюць па 50, па 100 чалавек памежнікаў», – кажа дэпутат палаты прадстаўнікоў 2000–2004 гг. Сяргей Скрабец.

Гэтак, у прыватнасці, у сістэме энергетыкі расследаванне «Белсату» выявіла карупцыйную сістэму, якая з’ядае дзясяткі мільёнаў долараў грошай падаткаплатнікаў. У прыватнасці, як паказалі дакументы, што апынуліся ў распараджэнні нашай рэдакцыі ачыстку катлоў, якія вырабляюць цяпло ды электрычнасць у Белэнерга – манапалізаваная адной прыватнай расейскай фірмай, якая накручвае свае расцэнкі ўтрая вышэй за рынкавыя – Белкотлаачысткай. Падобная схема дзейнічае і ў іншых галінах энергетыкі, такіх, як цеплаізаляцыя, рамонт і замена трубаў, катлоў, ды іншых работ.

«У выніку людзі адсоткаў на 30-40 атрымліваюць павелічэнне камунальных паслуг», – кажа дырэктар «Белцюф» Іван Уласаў.

Аляксандр Лукашэнка казаў пра гэтую сітуацыю яшчэ чатыры гады таму.

Энергетыкі сфармавалі ў нас супольнасць, якое можна назваць дзяржавай у дзяржаве. Гэта – свая незалежная нейкая арганізацыя з элементамі мафіі і банды«, – сказаў Лукашэнка.

З тых часоў, аднак, сістэма засталася нязменнай. Чаму так адбываецца, мы спыталіся меркавання жыхароў Менску.

Былыя супрацоўнікі следчых органаў сцвярджаюць, што за апошнія гады, на фоне гучных антыкарупцыйных кампаніяў, сітуацыя з карупцыяй у Беларусі, наадварот, пагоршылася.

Як высока ідуць адкаты ад карупцыйных схемаў у сістэме энергетыкі, доказна сцвярджаць немагчыма. Высновы можна зрабіць, аднак, паводле таго, што «Белсат» публікуе расследаванні аб карупцыі ў энергетыцы ўжо паўгода. За гэты час аніводны з фігурантаў не быў пакараны, а схемы як дзейнічалі, так і дзейнічаюць, завышаючы, паводле гульцоў рынку, сабекошт цяпла і электраэнергіі прыблізна на траціну.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu