Аб'ектыў 06.03.2019 Лукашэнка прапануе перасадзіць беларусаў… на электрамабілі


Спачатку скепсіс і крытыка, а пасля гонка за кавалак рынку. Буйныя аўтавытворцы пераходзяць на выпуск цалкам электрычных аўтаў – гэта стала канчаткова зразумела падчас сёлетняга Жэнеўскага аўтасалону.

Сышоў час рыку матораў. Цяпер аўтаканцэрны спаборнічаюць, чый электракар цішэйшы. На Жэнеўскім аўтасалоне брытанскі цалкам электрычны «Ягуар» стаў сёлета «машынай года». Агулам тут шырэйшы ў гісторыі выбар электракараў: ад спартовых і суперкараў – разганяцца на святлафоры і шашы, да электрычак у стылі рэтра, і двухмесных «Сітраэнаў», павольных і кампактных, ездзіць па вузкіх еўрапейскіх вуліцах. Усе аўтакампаніі Еўразвязу пераходзяць на чыстую энергію.

«Электрыфікацыя – гэта ключавая частка нашай стратэгіі. Мы пачалі ў 2013-м з нашага «i3» – аўтамабіля толькі на электрапрывадзе. Сёння мы прэзентуем гібрыды-плагіны, з магчымасцю падзарадкі. Мы прапаноўваем іх на ўсім мадэльным шэрагу», – заявіў на Жэнеўскім аўташоў Пітэр Нота, прадстаўнік канцэрну BMW.

Тая ж Нямеччына ў наступныя 3 гады інвестуе ў распрацоўку электракараў і беспілотных машын 60 мільярдаў еўраў, каб не згубіць рынкі. Бо грамадзяне Аб’яднанай Еўропы хочуць чыстага паветра, менш шуму і не плаціць за бензін. А што беларусы – гатовыя перасесці ў электракары?

Вось што кажуць жыхары Гомля:

«Трэба паўсюль запраўкі, трэба паркоўкі з запраўкамі… а больш праблемаў асабліва няма».

«У нас няма майстроў, каб іх рамантаваць».

«Недасяжныя яны нам пакуль. А ў прынцыпе чаму не».

«Патаннее – перасядзем».

Фармальна ў Беларусі ёсць праект Праграмы развіцця электратранспарту, там прапісаныя розныя ільготы.

«Але пакуль з гэтага зроблена толькі 2 рэчы: адмянілі мытныя плацяжы за ўвоз зарадных станцыяў і адмянілі дарожны збор, які эканоміць людзям 150-200 рублёў на год. А што можна зрабіць – адмяніць мытны збор з электрамабіляў, якая цяпер прыкладна паловы кошту», – каментуе журналіст і аўтааматар Генадзь Мажэйка.

Паводле статыстыкі, у Беларусі на 3 мільёны ўсіх аўтамабіляў толькі 300 – электрычныя.

«Мы, уладальнікі электрамабіляў, не просім грошай. Дайце хаця б ільготы ў выглядзе нулявой мыты і нулявога НДС», – звяртаецца да ўладаў уладальнік «Тэслы» Артур Туманаў.

Улады Беларусі, у адрозненне ад суседняй Украіны, не плануюць уводзіць нулявую мыту на замежныя электракары. Затое кіраўнік дзяржавы патрабуе ад Акадэміі Навук распрацаваць беларускі электрамабіль, цалкам айчыннай зборкі.

Эксперыментальныя мадэлі ёсць, але пакуль да прамысловай зборкі «айчыннай Тэслы» – як да Марса пешкі. Хаця ёсць і поспехі.

«У Менску ездзіць некалькі дзясяткаў электробусаў вытворчасці заводу «Белкамунмаш». Але, на жаль, галоўная начынка – электрарухавікі і суперкандэнсатары – замежнай вытворчасці, мы яшчэ гэтыя агрэгаты не асвоілі», – узгадвае Генадзь Мажэйка, журналіст і аўтааматар.

Пры тым кіраўніцтва краіны загадвае паўсюль пераходзіць на электрычнасць не з экалагічных прычынаў. Трэба прадаваць электрычнасць з Астравецкай АЭС, бо на экспарт яна, наўрад ці, пойдзе.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары