Лукашэнка ператасаваў калоду спецслужбаў


Заходнія краіны «точаць шашкі» супраць Беларусі. У гэтым Аляксандр Лукашэнка пераконваў сёння вайсковых і спецыяльных генералаў, якіх ён памяняў месцамі. Некаторыя сілавікі пайшлі на павышэнне. Так старшыня КДБ Валерый Вакульчык ачоліў Савет Бяспекі, а ягоны колішні намеснік Іван Церцель вярнуўся з Камітэту Дзяржкантролю і цяпер узначальвае Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Заўтра магло б споўніцца тры месяцы, як Іван Церцель кіруе КДК. Але ў гэты дзень чыноўнік пачне кіраваць Камітэтам Дзяржбяспекі. Былы старшыня КДБ – Валерый Вакульчык ачоліць Савет Бяспекі. Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Трэба ў гэты перыяд, можна сказаць перабудоўчы для дзяржаўнага апарату, сілавых структур і перадусім Камітэту Дзяржаўнай Бяспекі, забяспечыць не толькі пераемнасць, але і калектыўную працу спецслужбаў».

Кіраваць у Мінабароны маюць надзейныя, КДБ мае інструктаваць КДК, «Саўбез» – Адміністрацыю Лукашэнкі і гэтак далей. Палітолаг Пувел Усаў кажа:

«Менавіта пад КДБ цяпер будуць сканцэнтраваныя ўсе сілавыя структуры, бо менавіта КДБ актыўна ўдзельнічала ў шмат якіх супрацьпраўных дзеяннях і магчыма забойствах мірных грамадзянаў. Таму менавіта КДБ будзе структураю, на якую Лукашэнка будзе абапірацца надалей».

Палітолаг лічыць, што такі расклад спросціць Лукашэнку супрацу з Расеяй, якая задэкларавала яму дапамогу ў выпадку страты кантролю над сітуацыяй. КДБ і ФСБ Расеі – цесна супрацоўнічаюць. За сталом таксама Васіль Герасімаў, які быў першым намеснікам старшыні Камітэту дзяржкантролю. Цяпер ён будзе выконваць ягоныя абавязкі. У сілавых структурах, хоць не вядома – дзе, застанецца і экс-дзяржсакратар Савету бяспекі Андрэй Раўкоў.

«Не ўсе, у тым ліку Раўкоў, гатовыя выконваць абсалютна абсурдныя загады. І той факт што на вуліцах Менску з’явіліся кадэты, пераапранутыя ў ваенную форму, магло паўплываць на рашэнні шмат каго з сілавых структур», – кажа Павел Усаў.

Лукашэнку патрэбная прадказальнасць. Ён заклікаў чыноўнікаў быць халаднакроўнымі, апазіцыю – прыняць паразу, а ўладу ў рэгіёнах – працаваць паводле ранейшай схемы.

«Я ўсё спрабую асэнсаваць абстаноўку ў краіне. Казаць вам пра тое, што ў нас вялікія праблемы і складанасці, было б проста смешна», – ацэньвае кіраўнік чырвонага дому.

У гарвыканкаме гораду Менску, які Лукашэнка лічыць гняздом спробаў захопу нязменнай улады, таксама новы кіраўнік – Уладзімір Кухараў, які прыйшоў пасля Анатоля Сівака, пры якім разгарнулася будаўніцтва буйных аб’ектаў з ушчыльненнем, супраць якога выступалі жыхары сталіцы і, у пэўным сэнсе, кіраўнік Беларусі, які летась казаў падначаленаму, што Менск не гумовы…

Юлія Цяльпук, «Белсат»