Лукашэнка паздымаў з пасадаў чыноўнікаў за стан калгасаў на Магілёўшчыне


«Усіх пад нож!» За непачышчаны хлеў у Шклоўскім раёне Аляксандр Лукашэнка здымае з пасады топ-чыноўнікаў. Кіраўнік дзяржавы чарговы раз паказвае, як трэба адраджаць сяло адміністрацыйнымі метадамі. Толькі ці даюць гэтыя метады плён?

«Ты паглядзі на гэтую скаціну! Яна абасраная ўся! Ты паглядзі ў яе на поўсці – там закарэла ўсё! Наталля Іванаўна, падрыхтуйце ўказ – абодвух у адстаўку!»

За гаротны стан кароўніку на Магілёўшчыне пасадамі паплаціліся кіраўнік вобласці і старшыня Шклоўскага райвыканкаму. Аляксандр Лукашэнка ўжо чацверты дзень наведвае рэгіёны і дае падрабязныя інструкцыі, як адраджаць сяло.

«Як апрацоўваць гэтую пойму, якіх бараноў і авечак там гадаваць. Кожны кавалачак апрацоўваць і новае, новае, новае! Трэба тое, што патрэбна на рынку! У гэтым сутнасць развіцця сельскай гаспадаркі. У гэтым сутнасць сказанага ў Баранавічах, усё! Традыцыйна працаваць забываемся! Гэта павінна працаваць на аўтамаце. Трэба ствараць новае!» – кажа кіраўнік Беларусі.

Каля чвэрці аграпрадпрыемстваў застаюцца нерэнтабельнымі, але дзяржава іх субсідуе, каб падтрымаць людзей, заявіў у Шклове Лукашэнка. У рэальнасці сітуацыя горшая, тлумачаць эканамісты. Без даплатаў з бюджэту стратнымі стануцца ажно 60 адсоткаў калгасаў.

«Там, дзе няма прыватнай уласнасці на зямлю, там сельская гаспадарка надзвычай неэфектыўная. Так ужо склалася. Патрэбная калі не прыватная ўласнасць, то хаця б доўгатэрміновая арэнда. Так адбылося і ў СССР, ён распаўся таму, што была неэфектыўная яго эканоміка, асабліва сельская гаспадарка», – гаворыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

«Заараць усю зямлю», «зрабіць стаўку на навінкі»: Лукашэнка не ўпершыню паўтарае сваю формулу эканамічнага развіцця калгасаў. Аднак быць вынаходліваю дзяржаўную ферму не прымусіш.

«Як бы Лукашэнка ні прапанаваў нешта рабіць, нічога не атрымаецца. Ён ужо прапанаваў разводзіць кароў мармуровай пароды, сеяць гарошак у Гомельскай вобласці, «націснуць» на кукурузу. Ён не разумее, што патрэбна, каб працавала сельская гаспадарка», – тлумачыць Леанід Злотнікаў.

Затое сцвярджае, што, захаваўшы калгасы і не даўшы прыватызаваць зямлі, ён абараніў сялянаў ад жахаў капіталізму. Але ў выніку толькі за два апошнія дзесяцігоддзі з вёскі ўцёк кожны трэці яе жыхар – больш за мільён чалавек. Гарадзенскія і віцебскія вёскі апусцелі напалову. Чаму?

«Шукаюць, напэўна, лепшае жыццё, працу».

«Калі на месцы ёсць праца, то малавата плацяць. Напэўна. Уся рэч у грошах. Не стае».

«Гэта ўжо выміранне. Страшна. Страшна».

«Працы няма. Таму і не застаюцца. Была бы праца, аплата, то і заставаліся б людзі», – мяркуюць жыхары Глыбокага.

Нават калі праца была, то плацілі за яе мала. Заробкі ў аграсектары дзесяцігоддзямі застаюцца самымі нізкімі ў краіне. Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў:

«Пакуль будзе гэтая калгасная ўласнасць, калі ніхто ні за што не адказвае, пакуль у нас не будзе гаспадара, нам нельга нават марыць пра тое, што ў нас будзе багатае сяло. Будзе сяло, якое вымірае».

Падтрыманне калгаснага ладу вывела Беларусь у еўрапейскія лідары ў колькасці гарадскога насельніцтва. Вось толькі жыццё беларускіх сялянаў з жыццём нямецкіх ці швейцарскіх не параўнаць.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Для матэрыялу выкарыстаны аўдыязапіс тэлеканалу АНТ