Лукашэнка паабяцаў павялічыць заробкі настаўнікаў удвая. Ці рэалістычна гэта?


Не паспелі дачакацца заробку па 500, як з’явіліся новыя абяцанні. Цяпер – перадусім для настаўнікаў. Патрабаванне павялічыць выплаты ўдвая для працаўнікоў сферы адукацыі кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў падчас працоўнага візіту ў Слуцк. Ці рэалістычны загад для выканання?

Працаўнікі дзіцячых садкоў, малодшы медычны персанал. Аднак асабліва кіраўніка краіны занепакоіў дабрабыт настаўнікаў.

«У справе настаўнікаў будзем разбірацца сурʼёзным чынам. Трэба за будучую пяцігодку і рэшту часу заработную плату настаўнікам падвойваць. Гэта не папулізм. Настаўнік у нас сёння застаўся галоўным звяном на вёсцы, у малых гарадах, раённых цэнтрах. І нават у Менску, абласных цэнтрах нашая апора – настаўнік», – заявіў Лукашэнка.

І сапраўды, заробак бюджэтнікаў гэтак і не дацягнуў да абяцаных пяцісот долараў. Паводле апошніх статыстычных звестак, сярэдняя выплата працаўнікам у сферы адукацыі склала амаль 665 беларускіх рублёў, або каля трохсот сарака долараў ЗША ў эквіваленце. Менш зарабляюць толькі працаўнікі культуры і сацыяльнага забеспячэння.

Кіраўнік краіны адзначае, што маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы паводле размеркавання, сыходзяць са школы. Гэткую тэндэнцыю адзначаюць і адмыслоўцы. Аднак не толькі таму, што ўзровень заробку настаўніка не адпавядае абʼёмам працы.

«Неабходна відазмяніць адукацыю – падход перадусім да яе. Змяніць мэты, а гэта патрабуе шматлікіх высілкаў рэфармацыйных і эканамічных у тым ліку. Сістэма на дадзены момант зʼяўляецца дэпрэсіўнай, і, знаходзячыся ў дэпрэсіўнай сістэме, прэстыж прафесіі таксама будзе дастаткова нізкім», – кажа незалежны эксперт Святлана Мацкевіч.

Пакуль жа ў краіне не стае рэсурсаў не тое што на рэформу сістэмы адукацыі, але і папросту на павышэнне заробку. Адукацыя фінансуецца з падаткаў, а бюджэт за апошнія два гады скараціўся на 40 адсоткаў. Выйсце эканаміст Леанід Заіка бачыць толькі ў пераразмеркаванні сродкаў.

«Я думаю, што трэба пераразмеркаваць бюджэт, адмовіцца ад шмат якіх выдаткаў, якія былі прыярытэтныя – аграрны сектар забірае 15 адсоткаў. Субсідыі прадпрыемствам, па меншай меры адсоткаў на 40-50 скараціць, скараціць даходы і заробкі ў ваеннай сферы», – адзначае Леанід Заіка.

Аднак ці пойдуць улады на свядомае пераразмеркаванне бюджэту на карысць інтэлекту? Калі не, то пры існай эканамічнай сітуацыі хоць і паступовае, але штучнае павелічэнне заробкаў выкліча рост коштаў і прывядзе да абясцэньвання выплатаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Фота – Орен.Ру