Лукашэнка не на сваім месцы. Заўтра – афіцыйна


Апоўначы афіцыйна скончыцца тэрмін паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта. Легітымным Лукашэнку не прызнавалі і дагэтуль, не прызнаючы выбары дэмакратычнымі. Аднак сёлета ягонай адстаўкі настойліва патрабуюць беларусы і безліч салідарных краінаў свету. Як гэта – заставацца не на сваім месцы і што за гэта будзе?

Мінула 5 гадоў пасля папярэдняй інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Шостага лістапада ягоныя паўнамоцтвы мае прыняць новаабраны прэзідэнт. Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі – перамог Лукашэнка. Паводле соцень не сфальсіфікаваных выбарчых пратаколаў – Святлана Ціханоўская.

Улюбёнай пасады кіраўнік не пакідае, ня гледзячы на пратэсты, якія не сціхаюць з 9-га жніўня. Кажа: «Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груп з прызнакамі тэрарызму. (…) Улада тады нечага каштуе, калі яна ўмее сябе абараняць і абараняць свой народ».

Называць народ «сваім» можа толькі абраная праз справядлівыя выбары ўлада.

Жыхары Бабруйску казалі «Белсату»:

«Я лічу, што выбары былі сфальсіфікаваныя, таму нельга Аляксандра Рыгоравіча лічыць легітымным прэзідэнтам».

«Я не лічу, што ён прэзідэнт».

«Я лічу, што яму папросту трэба сысці».

Публіцыст і паліттэхнолаг Аляксандр Фядута перакананы, што пра свой слабы рэйтынг у народзе Лукашэнка паінфармаваны: «Легітымнасць у вачах Аляксандра Лукашэнкі – гэта не пытанне народнай падтрымкі, а пытанне таго як выконваюцца ягоныя загады сілавікамі і чынавенствам. Яны пакуль выконваюцца».

За межамі Беларусі руку Лукашэнку таксама нехта паціскае. Ягоную перамогу прызналі дзве вялікія дзяржавы свету: Расея, лідар якой сёлета забяспечыў сабе права пераабірацца зноў, і КНР, старшыня якой прыбраў з Канстытуцыі папраўку пра магчымасць абірацца толькі на два тэрміны.Краіны Еўразвязу, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада і суседкі Беларусі, у якіх улада – пераемная, Лукашэнку прэзідэнтам не прызналі, і ягоную нідзе не анансаваную, праведзеную напаўтаемна інаўгурацыю – таксама.

У міжнародных стасунках гэта азначае не магчымасць будавання далейшых адносін, тлумачыць філосаф і метадолаг Уладзімер Мацкевіч:

«Дзяржавы, якія лічацца з законам, не могуць звяртацца да яго, як да прэзідэнта. Да гэтай даты гэта яшчэ было магчыма, але шмат якія краіны ўстрымаліся ад гэтага».

Шостага лістапада будзе першы дзень нелегальнага займання Лукашэнкам прэзідэнцкай пасады. Еўразвяз абяцае апублікаваць дапоўнены санкцыйны спіс афіцыйных асобаў, у які гэтым разам трапіў і самаабвешчаны прэзідэнт….

Тым часам для народнай абранніцы – Святланы Ціханоўскай – краіны Еўропы адчыняюць дзверы. Сёння яна сустрэлася з канцлерам Аўстрыі Сэбастянам Курцам. Краіна яшчэ летась прымала Аляксандра Лукашэнку, а цяпер – увяла персанальныя санкцыі супраць адказных за фальсіфікацыі і гвалт.

Ці адкажа Лукашэнка паводле закону за ўтрыманне ўлады?

«Ці атрымае ён абарону ад адказнасці, ці панясе пакаранне – гэта пытанне перамоваў, якія б меліся адбыцца напярэдадні складання ім паўнамоцтваў і пытанне гарантыяў, якія ён атрымае ад наступнай улады», – лічыць Аляксандр Фядута.

Сам ён – прадстаўнік часткі грамадства, якая «ЗА» мірную перадачу ўлады ўзамен на гарантыі недатыкальнасці па ўжо здзейсненых злачынствах. «Не забудзем, не прабачым» – лозунг другой часткі грамадства.

Юлія Цяльпук, «Белсат»