Лукашэнка наводзіць парадак у медыцыне


Аляксандр Лукашэнка загадаў міністру аховы здароўя Уладзіміру Караніку разабрацца з коштамі на лекі і медабсталяванне ды ўсталяваць жорсткі кантроль за якасцю медпрэпаратаў. Праблема ёсць: грамадзяне скардзяцца, што купляць дзейныя лекі занадта дорага.

Развязанне балючых праблемаў айчыннай медыцыны Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з новым міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам. Ягонае прызначэнне на пасаду адбылося пасля гучнай «справы медыкаў», што выкрыла хабарніцтва сярод службоўцаў і шэрыя схемы з закупам медычнага абсталявання.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Што больш за ўсё хвалюе не толькі мяне, але і грамадства ў сілу апошніх падзеяў у сістэме – пытанні закупак медычнага абсталявання і цэнаўтварэння. Самае галоўнае – гэта праца без пасярэднікаў».

Паводле міністра, знізіць цану на закуп некаторага медычнага абсталявання ўжо давялося. Наступны крок – лекі. Пакуль працягваюць вывучаць попыт на прэпараты ды іх расцэнкі на айчынным рынку і за мяжою. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, паслугі пасярэднікаў павялічваюць кошт канчатковага тавару ажно да 30 адсоткаў.

«Гэты спіч быў за некалькі месяцаў да скандалу. І цяпер мы ў праве казаць, што апроч пасярэднікаў хіба існуе і адкат. А калі адкат, то хіба гаворка ідзе не толькі пра 30 %. Мы можам толькі як абывацелі з вамі здагадвацца, як гэта ў сукупнасці будзе», – кажа Сяргей Жбанаў, эканаміст.

Паводле Лукашэнкі, на куплянне лекаў і кампанентаў Беларусь выдаткоўвае, цытата, «недапушчальна шмат – каля 500 мільёнаў долараў на год». А таму ўхіл трэба рабіць на імпартазамяшчэнне. Ужо цяпер кожны другі лек у Беларусі – айчыннае вытворчасці. Долю плануюць павялічваць. Сяргей Жбанаў, эканаміст:

«Мы працуем-та на спажывецкі рынак, а на спажывецкім рынку – тая самая сфера, дзе мусіць быць канкурэнцыя, ад якой выйграе спажывец. Іначай яны пачынаюць уцякаць у іншыя краіны па гэтыя пілюлі».

Ці задавальняе беларусаў якасць айчынных лекаў, мы пацікавіліся ў менчукоў:

«Я ў асноўным абязбольвальным карыстаюся, даюць аналагі беларускія, мне ні граму. Плюс – у мяне страўнік, і ўсё пачынае ўнутры балець. А імпартныя – так, дапамагаюць».

«Ёсць штосьці ўдалае, штосьці менш удалае, але нашыя прэпараты працуюць, калі яны паказаныя пры нейкай сітуацыі, яны аказваюць тое дзеянне, якое там напісанае».

«Унучка ў мяне, калі бывае за мяжой, прывозіць мне лекі. Я сказала б, што нашыя лекі, на жаль, вымушаюць жадаць лепшага».

Таксама кіраўнік краіны паабяцаў узмацніць кантроль за беларускімі лекамі. Цяпер Міністэрства аховы здароўя разглядае ідэю стварыць адмысловы нагляд за кампанентамі ў тым ліку ўжо гатовай прадукцыі на рынку. Ці паўплывае гэта на якасць беларускай прадукцыі, сыравіну для якой краіна і так закупляе за мяжою, пакуль невядома.

Юлія Лабанава, belsat.eu