Аб'ектыў 21.05.2019 Лукашэнка накіроўвае ў стратную цэментную галіну мільярд долараў


У стратныя прадпрыемствы – амаль мільярд долараў з бюджэту. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб дзяржаўнай фінансавай падтрымцы цэментнай галіны. Гэта адбылося на фоне заяваў кіраўніка краіны аб нарошчванні экспарту, у тым ліку цэменту.

Завод пыліць напоўніцу, але пакуль у мінус.

Датацыі датычаць трох найбуйнейшых дзяржаўных заводаў – у Краснасельску, Касцюковічах і Крычаве. Указ прадугледжвае пакрыванне пазык за дзейнасць цягам апошніх 4 гадоў. Гаворка пра бюджэтныя 900 мільёнаў долараў. З іх толькі менш за палову – жывыя грошы, рэшта – кітайскі крэдыт. Без гэтых сродкаў заводы збанкрутуюць, хоць яшчэ 6 гадоў таму дзяржава ўклала больш за 1 мільярд долараў у мадэрнізацыю цэментнай галіны.

Стась Івашкевіч, «Давайце разбірацца», «Белсат»:

«Пабудова трох новых заводаў побач са старымі планавалася пад кан’юнктуру расейскага рынку, дзе на той момант назіраўся дэфіцыт цэменту. Але пакуль мы будаваліся, канʼюнктура змянілася, і цяпер там прафіцыт цэменту».

Цяпер пытанне, як дзяржаве пазбавіцца фінансавага ярма, якое яна стварыла ўласнымі рукамі? Аляксандр Лукашэнка адмаўляецца прадаваць завод у Краснасельску еўрапейскім інвестарам, пакуль галіна не выйшла на плюс. Праўда, дагэтуль такі трук дзяржаўным чыноўнікам не ўдаваўся – ані з мадэрнізаванай дрэваапрацоўкай, ані з лёгкаю прамысловасцю.

«Калі швейцарцы прапаноўвалі прыватызаваць за 100 мільёнаў, то Лукашэнка і ўрад сказалі: не, бо мы раней туды ўклалі мільярд. Але гэта не веданне палітэканоміі. Чаму інвестар, які мае перспектыву вываду прадукцыі на сусветны рынак, мае плаціць за памылкі папярэдняга ўладальніка? Гэта абсурд», – тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Каб цэментная галіна аджыла, ёй трэба экспартаваць у Расею 5 мільёнаў тон за год. Цяпер гэтая лічба ў 4 разы меншая.

Вылучаныя сродкі на пагашэнне пазык будуць скіроўвацца на заводы цягам бліжэйшых пяці гадоў. А калі ўлічыць, што эканамічны стан у нас і Расеі не абяцае будаўнічага буму, то гэтыя грошы ў літаральным сэнсе могуць быць пахаваныя ў бетон.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары