Лукашэнка можа прыехаць у Глуск – глядзіце, што там цяпер адбываецца


Глуск зазнае маштабныя змены напярэдадні чарговых «Дажынак» ды магчымага прыезду кіраўніка краіны. Як ставяцца да паляпшэнняў жыхары гарадскога пасёлку ды чаму з імі не пагаджаюцца мясцовыя чыноўнікі?

Новы асфальт, фарбаванне сценаў, кашэнне травы. Аўрал у Глуску, што на Магілёўшчыне, – не толькі з нагоды магчымага прыезду Лукашэнкі. У лістападзе тут маюць прайсці абласныя «Дажынкі».

Вось што кажуць пра іх жыхары Глуску:

«Ну, можа, «Дажынкі», а можа – і не «Дажынкі». Добра, што і «Дажынкі»: можа, паскорыліся б. Так што гэта няблага».

«У мяне дачка – доктар, і ў Лондане жыве. І я была ў Лондане. Ведаеце, кожны год, дзе б я ні была ў глушы далёка ад радзімы, але мяне цягне ў Глуск»,

«Мы, мясцовыя жыхары, спадзяемся, што будуць вылучаныя нейкія сродкі, каб было адчынена хаця б адно прадпрыемства, дзе будуць створаныя працоўныя месцы».

«Няма працоўных месцаў, а ўкладаюць вялізныя грошы невядома ў што. Шыльды паставілі, клумбы паставілі ў парку, плот паставілі нікому не патрэбны».

Здавалася б, добра што рамантуюць. Але некаторыя дамы робяць па некалькі разоў цягам года: спачатку тынкуюць, потым – уцяпляюць, потым – ізноў тынкуюць, наракаюць мясцовыя жыхары. Да таго ж, не заўжды хапае грошай на завяршэнне рамонту.

«Дамок, які стаіць у цэнтры Глуску, хочуць зрабіць прыгожым да «Дажынак». Але наш камгас кепска пастаўляе тэхніку, матэрыял. Няма матэрыялу дахавага. І смецце не вывозяць», – працягвае адна з мясцовых жыхарак.

Збольшага, выпраўляецца толькі тое, што можа быць бачна, і толькі там, куды можа завітаць кіраўнік краіны, кажуць мясцовыя жыхары.

«Паказальны выступ для чыноўнікаў. Яны сабе птушачку зарабляюць на далейшае жыццё. Усе папярэднія кіраўнікі за 20 гадоў у цэлым для Глуску нічога не зрабілі», – дадае іншы жыхар мястэчка.

У глускім райвыканкаме незадаволеных жыхароў зняпраўджваюць ды пераконваюць: усе працы – планавыя ды ані з «Дажынкамі», ані тым больш з прыездам Лукашэнкі не звязаныя.

«План добраўпарадкавання ўжо другі год у Глуску. І да ніякіх высокапастаўленых візітаў не было рыхтавання. Рыхтаванне вядзецца з ранняй вясны, як толькі снег сышоў – другі год добраўпарадкаванне», – кажа ідэолаг Глускага райвыканкаму Алена Самуйлік.

У спісе на паляпшэнне – дамы, дарогі, парк, кінатэатр ды клумбы, замена водаправодаў. На ўсё плануюць выдаткаваць больш за Br 4 млн, з якіх палову – на капітальныя рамонты. Рэшту – на дарогі.

«Ён год ад году харашэйшы. Усё прыгажэй і прыгажэй, дзякуючы кіраўніку райвыканкаму Чачуху наш Глуск становіцца прыгажэйшы», – кажа нам жыхарка пасёлку.

Палітык Віталь Рымашэўскі да такіх заяваў ставіцца скептычна.

«Усё гэта робіцца, безумоўна, не для людзей, а ў першую чаргу – дзеля паказухі, дзеля таго, каб адрапартаваць перад вышэйшым начальствам, што рэгіён трымаецца пад кантролем, што ў рэгіёне ўсё добра, хаця насамрэч – гэта абсалютна не так», – лічыць экс-кандыдат на прэзідэнцтва Віталь Рымашэўскі.

Паводле Рымашэўскага, пра патрэбы простых людзей ніхто не клапоціцца, у занядбаным стане – і камунальная гаспадарка, і лякарні, і дарогі.

Замест раўнамернага, справядлівага размеркавання бюджэтных сродкаў улады па-ранейшаму вырашаюць укладаць у «пацёмкінскія вёскі». Бо тут вынік бачны адразу, а значыць, і за добрую працу можна падзяку атрымаць.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»