Лукашэнка: краіны не аддамо!


«Расея баіцца страціць Беларусь. І дарэмна Масква прамяняла брацкія адносіны з Менскам на партнёрскія», – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў сваім штогадовым пасланні парламенту і народу. У якім кірунку Лукашэнка збіраецца павесці Беларусь і як адказвае на крытыку супернікаў на выбарах?

Пандэмія, войны і сусветны эканамічны крызіс – сваю прамову ў Палацы Рэспублікі Аляксандр Лукашэнка пачаў з пераліку катастрофаў. Прыкметна ахрыплым і аслабелым голасам ён пераконваў у неабходнасці захаваць у краіне жорсткую ўладу.

«Беларусь – адзінае спакойнае звяно ў цэнтры Еўразіі, якое жыве сваім розумам. І вось таму сёння – на разрыў! І Расея баіцца нас страціць, бо акрамя нас у яе не засталося па-сапраўднаму блізкіх саюзнікаў, і Захад у апошні час стаў праяўляць да нас усё больш прадметную цікавасць», – падкрэсліў Лукашэнка.

Расею кіраўнік Беларусі крытыкаваў мацней за іншых. Маўляў, у гандлёвых войнах з Масквою мы страцілі 9 мільярдаў долараў, але эканомікаю ціск з Усходу не абмяжоўваецца – падкрэсліў Лукашэнка.

«Сёння паступіла інфармацыя аб яшчэ адным атрадзе, які перакінуты на поўдзень. Гэта мы зараз павінны, калі ідзе ўборка, мы ж у вас нічога не просім, мы павінны бегаць, лавіць іх па лясах!» – абураўся кіраўнік дзяржавы.

Насуперак суседзям і пандэміі, эканамічнага абвалу ў Беларусі ня здарылася – запэўніваў Аляксандр Лукашэнка, часта выціраючы твар сурвэткаю. Сяло ўлады адрадзілі, за пяць гадоў стварылі 300 тысячаў працоўных месцаў і хутка дамогуцца эканамічнага росту. Якім чынам?

«Фармуючы новую пяцігодку, мы павінны ўзяць добры прыклад з савецкіх часоў, а таксама Кітаю, Японіі. Вы памятаеце, там заўсёды быў цвёрды план», – падзяліўся праграмай Аляксандр Лукашэнка.

Мэта Лукашэнкі – згуртаваць сваіх традыцыйных прыхільнікаў. Бо нават тыя пачалі вагацца, мяркуе палітолаг Вольга Харламава:

«Звычайна гэта людзі, для якіх Савецкі Саюз, адсутнасць рынкавых рэформаў – гэта стабільнасць. А стабільнасць – гэта пазітыўная з’ява».

За перамены, то бок змену ўлады і абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта, на думку Лукашэнкі, выступаюць перш за ўсё моладзь і творчыя людзі. Іх кіраўнік краіны палохаў вяртаннем хвацкіх 90-ых:

«Банды варочалі ад Масквы да мяжы з Польскаю Рэспублікай, абіраючы ўсіх. Ледзь даражэй аўтамабіль – спынялі, выкідвалі. Хто супраціўляўся – расстрэльвалі і скідалі пад адхон».

Ці вераць беларусы, што ў выпадку змены ўлады ў краіну сапраўды прыйдуць бандытызм і карупцыя?

«Не вядома, хто стане за стырном, што будзе! Вось Украіна, браты нашыя, да чаго дайшлі?»

«Усе гэтыя рэчы, тое, што ён кажа пра Украіну, – гэта проста правакацыя».

«Дзяржава дастаткова доўга існуе, і няма ніякіх бандытаў. Таму баяцца, я думаю, не варта», – мяркуюць жыхары Віцебску.

«Я думаю, беларусы не такі народ, каб ваяваць, ісці на плошчу. Калі і выходзяць цяпер, то ўсё мірна». Кіраўнік краіны, падобна, прытрымліваецца іншага меркавання. Пакуль вертыкаль улады моцная, краіну ніхто не расхістае – двойчы наказаў Лукашэнка чыноўнікам і сілавікам.

«Чыноўнікі здаюць іспыт перад ім. Актыўнасць сілавых структураў у такія моманты не абавязкова тлумачыцца тым, што ім даюць указанні зверху. Яны здаюць экзамен. А што ад іх патрабуюць, яны добра ведаюць», – каментуе палітолаг Сяргей Нікалюк.

«Беларусь – чыстая і наіўная, але яна нашая, любімая. А любімую не аддаюць!» – Лукашэнка скончыў прамову і па-англійску пакінуў сцэну.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Фота: president.gov.by