Харчы чыстыя, нягледзячы на радыяцыйнае забруджванне земляў. Лукашэнка цешыцца, што пацярпелыя ад чарнобыльскай аварыі тэрыторыі хутка вяртаюцца ва ўжытак. І, як вынікае з сённяшняй вандроўкі кіраўніка Беларусі ў Хойніцкі раён, магчыма і далейшае асваенне забруджаных радыяцыяй абшараў.
«Нам трэба яшчэ раз заняцца гэтай праблемай і з улікам 30-ці гадоў досведу, прыняць рашэнне па гэтых тэрыторыях», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Яны ж сядзяць у Менску, людзей трэба запужаць!», – дадаў кіраўнік Беларусі пра эколагаў, якія бʼюць трывогу.
Аднак, праз 31 год пасля катастрофы атрымаць на забруджаных тэрыторыях чыстую ад радыенуклідаў прадукцыю можна.
«Там сёння і не сёння, а ўжо дзясяткі апошніх гадоў прымяняюцца адмысловыя тэхналогіі, падвышанае выкарыстанне мінеральных угнаенняў і адмысловыя агратэхнічныя прыёмы», – супакойвае радыебіёлаг Віктар Хоміч, кандыдат біялагічных навук.
А вось звычайнае гаспадаранне на забруджаных тэрыторыях можа несці небяспеку, цвердзіць навуковец. Як прыклад, летась журналіст «Associated Press» выявіў у малацэ з Хойніцкай фермы стронцый.
Сёння тут закончылася міжнародная сесія Канвенцыі Эспаа. Паводле пагаднення 91-га года, ацэнка патэнцыйна небяспечных праектаў мае праходзіць не толькі ўнутры дзяржавы, але і ў суседніх краінах. І ў парушэнні гэтага прынцыпу афіцыйная Вільня вінаваціць Менск пры будаўніцтве Астравецкай АЭС.
«Як можна будаваць атамную станцыю – ну добра, назло суседзям – на мяжы, я разумею, – але як можна будаваць станцыю ў самай чыстай частцы Беларусі?», – здзіўляецца Раса Навіцкіене, грамадская актывістка з Літвы.
У прадстаўніцы Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі пастанова літоўскага парламенту выклікала шкадаванне. Са словаў намесніцы міністра прыродных рэсурсаў, «зробленыя ўсе захады і нават звыш захады, каб паказаць, што мы адкрытыя».
На гэтай сесіі дамовіцца аб спрэчным пытанні Беларускай АЭС не атрымалася. Да яго вернуцца не раней як праз год.
«Беларусь у гэтым сэнсе выступіла такім вельмі актыўным бокам на правах гаспадара, цяжка спрачацца з гаспадаром на тэрыторыі гаспадара. Гэта яшчэ адзін з фактараў, чаму рашэнне перанеслі», – тлумачыць Таццяна Новікава з Беларускай антыядравай кампаніі.
Пры тым, што парушэнні Менскам канвенцыі, кажа Новікава, відавочныя ўжо цяпер: з Літвою не ўзгаднілі абранай пляцоўкі, не было і дыялогу з грамадзянскаю супольнасцю нашай суседкі.
Падчас будоўлі абвалілі корпусу рэактара, загінулы прынамсі 3 асобы. Малаверагодна, што напал вакол праекту сціхне пасля запуску першага рэактару, запланаванага на 2019-ы год.
Таццяна Рэут, «Белсат» , фота: Васіль Рыбчонак / wpaulk.cont.ws