Лукашэнка хоча інтэнсіфікаваць дачыненні з Расеяй


Сяргей Лаўроў прыехаў у Менск з «приветом»:

«Перш за ўсё, прывітанне вам ад Уладзіміра Уладзіміравіча. Ён пацвердзіў усё, пра што вы дамовіліся з ім раней, асабліва ў Сочы».

Пра што менавіта лідары краінаў у верасні дамовіліся ў Сочы, ні беларусам, ні расейцам дагэтуль не паведамілі. Акрамя аднаго: Лукашэнку расейскі бок вылучыў крэдыт – паўтара мільярда долараў.

«Нашыя сустрэчы заўсёды прадуктыўныя, з майго пункту гледжання, прынамсі для мяне асабліва, і для Беларусі», – сказаў Лукашэнка.

Далёка не ўсё, што добра для Лукашэнкі, добра для Беларусі і беларусаў. У супрацьстаянні ўладаў Беларусі і народу Крэмль падтрымаў Лукашэнку.

«Гэта апасенні, што пратэст зробіць Беларусь менш схільнай прытрымлівацца забавязанняў у межах усіх саюзных дамоўленасцяў, якія ёсць з Расеяй, – АДКБ, ЕАЭС, Саюзная дзяржава і іншых», – лічыць палітолаг Валерыя Касцюгова.

Лукашэнка ж падчас сённяшняй сустрэчы запэўніў расейскі бок у жаданні Беларусі інтэнсіфікаваць дачыненні:

«Нам трэба, можа быць, не пра нейкую перазагрузку казаць, але пра ўзмацненне, інтэнсіфікацыю нашых адносінаў. Мы да гэтага гатовыя Мы б хацелі мець не проста добрасуседскія адносіны, мы б хацелі мець вельмі блізкія, братэрскія адносіны з Расейскай Федэрацыяй».

Апытаныя ж намі менчукі выказалі супрацьлеглае жаданне:

«Я супраць гэтай інтэграцыі».

«Я катэгарычна супраць інтэграцыі. Я лічу, што мы страцім сваю самастойнасць і станем часткаю Расеі, забытыя і нікому непатрэбныя».

«Мы згубім нашую незалежнасць. Гэта галоўнае, што ёсць у народу. Залежаць ад Расеі, ад Пуціна, мы ператворымся ў губерню, як тая ж Чачэнія, Прыморскі край і ўсе астатнія».

Як мяркуюць аналітыкі, нягледзячы на саюзніцкую рыторыку насамрэч Лукашэнка не спяшаецца інтэгравацца, бо гэта азначала б перадусім страту ягонай абсалютнай улады. Тым часам расейскі бок дзее на некалькіх франтах адначасова: змушае Лукашэнку да інтэграцыі і… шукае яму замену – кандыдатуру, выгадную для Масквы.

«Яны тэстуюць грамадскае меркаванне наконт Лукашэнкі, падтрымкі нейкага прарасейскага кандыдата на новых прэзідэнцкіх выбараў. У тым ліку агучвалася ідэя падтрымання Бабарыкі як такой кампраміснай фігуры, якая задаволіць і інтарэсы Крамля і будзе прымальнай для беларускага грамадства», – лічыць аналітык BISS Кацярына Шмаціна.

Але беларусы могуць зламаць расейскі сцэнар, калі не будуць спадзявацца на дапамогу Расеі, а самі змусяць Лукашэнку сысці.

Вольга Старасціна