Аб'ектыў 02.06.2018 Лукашэнка хоча адгарадзіцца ад Расеі?


Узмацненне дзяржаўнай мяжы, павелічэнне колькасці памежных войскаў і нават магчымасць стварэння сапраўднай мяжы з Расеяй. Кіраўнік Беларусі наведаў памежныя атрады, дзе зрабіў шэраг гучных заяваў.

Ахова дзяржаўнай мяжы будзе заставацца прыярытэтам уладаў Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння падчас наведвання Берасцейскага памежнага атраду.

«Ваеннае супрацьстаянне адбываецца амаль на ўсіх кантынентах, накручваецца сілавое супрацьборства, у тым ліку беспасярэдне каля рубяжоў Беларусі», – зазначыў Лукашэнка.

Больш канкрэтна пра супрацьстаянне каля межаў Лукашэнка выказаўся напярэдадні, падчас візіту на памежзаставу «Дзівін» у Кобрынскім раёне. Ён паскардзіўся на планы ўзбраення Польшчы і непрадказальную сітуацыю ва Украіне. Але больш за ўсё раскрытыкаваў Расею.

«Яны самі не разумеюць, чаго хочуць і што яны робяць на беларуска-расейскай мяжы. Хай вызначаюцца. Вызначацца – нам не праблема адказаць. Мы гатовыя ў любы момант адэкватна даць адказ. Калі яны хочуць закрыць мяжу – калі ласка», – абураўся кіраўнік Беларусі.

Мяжа з Расеяй не ахоўваецца

Адказам Менску на размяшчэнне Крамлём на рубяжах Беларусі памежных частак можа стаць стварэнне на расейскім кірунку паўнавартаснае мяжы. Таксама Лукашэнка не выключыў, што перадасць некалькі тысячаў жаўнераў у памежныя войскі.

«Можа быць, нам дзесьці ў войску падскараціцца на 2–3 тысячы, пакінуўшы ім гэтую колькасць. Хай яны будуць на кожнай заставе па 5–10 чалавек. Не лішнія, а каб больш свабодна служыць у нейкім рэзерве», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку экспертаў, павелічэнне асабістага складу памежных войскаў патрэбнае для адной мэты.

«Гэта, хутчэй за ўсё, можа быць звязанае з тым, што працягласць тых дзялянак, якія яны ахоўваюць, вырасце. А на сённяшні дзень мы не ахоўваем толькі мяжу з Расеяй», – лічыць эксперт «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Кіраўнік Беларусі нядаўна назваў беларуска-расейскую мяжу «самаю дзіўнаю ў Еўропе». Памежнага кантролю на ёй не існавала два дзесяцігоддзі. Аднак увосень 2016 года расейскія памежнікі забаранілі праязджаць праз яе ўсім, акрамя грамадзянаў Расеі ды Беларусі. Масква пачала разбудоўваць памежную інфраструктуру. Беларусь нясе страты ад спынення транзіту.

Межы – гэта перашкоды для гандлю і працы, але эксперты палічылі, што аднаўленне памежнага кантролю з Расеяй можа быць нават эканамічна апраўданае.

Да таго ж выглядае, што і Масква, а следам за ёй і Менск гатовыя да аднаўлення мяжы, што яшчэ колькі гадоў таму выглядала неверагодным.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары