Не стрымаліся. Выклікі ў міліцыю, закрыццё ў сценах псіхіятрычнага шпіталя, суткі ў ізалятарах. Удзельнікі пратэстаў супраць Дэкрэту № 3 сутыкаюцца з усё больш разнастайным ціскам з боку ўладаў.
Старонка Станіслава Паўлінковіча ў сацсетцы «Вконтакте» поўніцца заклікамі да ўдзелу ў пратэсце супраць трэцяга дэкрэту ды інфармацыяй пра будучыя дэманстрацыі. Аднак міліцыянты сцвярджаюць, што мужчына распаўсюджваў парнаграфію: у кватэры Станіслава правялі вобшук ды канфіскавалі кампʼютар.
За перадрук пра пратэст яго выклікалі ў міліцыю 2 тыдні таму.
Адміністрацыйным арыштам скончыўся нядзельны пратэст супраць дэкрэту № 3 у Берасці для анархістаў.
Апроч Андрэя Дзенюшкіна, на 5 сутак асудзілі Дзмітрыя Ляўчука і Руслана Чалікава. На дзень менш атрымаў Аляксандр Казлянок.
Праваахоўнікам цяжка патлумачыць, ці можна апазнаць актыўных удзельнікаў маршу, улічваючы, што тыя на пратэсце былі ў масках.
Менская актывістка Вольга Нікалайчык атрымала адразу два пратаколы: за ўдзел у акцыі супраць Дэкрэту аб дармаедстве і за перформанс з сапсаваным супам на прыступках Міністэрства па падатках і зборах.
Вольга Нікалайчык збіраецца абскарджваць прысуды, калі суд стане не па ейным баку.
Тым часам актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўжо аднеслі ў Пракуратуру скаргу на незаконнае затрыманне. У нядзелю Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька ды Вольга Кавалькова не змаглі трапіць на пратэст у Берасці. Іхнае аўта затрымалі супрацоўнікі ДАІ, бо тое нібыта лічылася ва ўгоне.
Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікола Казлоў, які ехаў разам з Анатолем Лябедзькам, даехаў на пратэст на папутцы.
І сталічныя актывісты, і магілёвец Станіслаў Паўлінковіч, аднак, заяўляюць, што не баяцца ціску, ды збіраюцца ўдзельнічаць у далейшых акцыях пратэсту ды адстойваць права выказваць уласнае меркаванне.
Марына Вашкевіч, «Белсат»