Лідская ЖКГ злівае ў раку адкіды. Тых, хто пра гэта кажа – штрафуюць


Станіслаў Івашкевіч правёў эксперымент, які даказвае, што лідскае ЖКГ злівае адкіды ў раку Дзітва. Фота – «Белсат»

Маштабнае атручванне рэк у Лідскім раёне працягваецца. А ўлады замоўчваюць экалагічную катастрофу пры дапамозе дэзынфармацыі ды фальшаванняў. Да такіх высноваў прыйшла здымачная група «Белсату», якая выехала на месца і правяло ўласнае расследаванне.

Моцны каналізацыйны пах сыходзіць з гэтага калодзежу, які прабіты ў трубе, што выводзіць ваду з ачышчальных прыстасаванняў Лідскай ЖКГ. Далей гэтая труба ідзе пад зямлёй і ўпадае ў канал, які, у сваю чаргу, упадае ў раку Дзітва, а тая – у раку Нёман. Трубу гэтую знайшлі мясцовыя грамадскія актывісты яшчэ з два тыдні таму, калі Дзітва раптам памутнела, пачала смярдзець і ў ёй пачаўся мор рыбы.

Рэпартаж Станіслава Івашкевіча пра тое, якога маштабу дасягнула праблема ды хто вінаваты, выйшаў у поўным выданні навінаў за 28 чэрвеня

«Лідская газета» напісала, што ўсё нармальна: вада зацвіла, нічога страшнага – прыродная з’ява», – кажа жыхар гораду Бярозаўка Сяргей Пантус.

Але пасля таго, як пачаўся розгалас у незалежных медыях, людзі пачалі пратэставаць.

«Мы выйшлі на пікет на прыступкі райвыканкаму з банерам «Мёртвая Дзітва», і нас аштрафавалі проста на 10 базавых», – дадае Пантус.

Тады ўжо ўлады паказалі пра гэта сюжэт на дзяржаўным канале АНТ і нібыта распачалі разбор. Штопраўда, вінаватых так і не назвалі. Дырэктар ачышчальнага комплексу Лідскай ЖКГ віну свайго прадпрыемства рашуча адмаўляе:

«Гэта з вашых ачышчальных пайшла атрута ў Дзітву, ад якой памерла рыба? – Не. – А адкуль тады? – Гэта ўмовы надвор’я».

Мы пастанавілі праверыць словы чыноўніка і праніклі на тэрыторыю ЖКГ, дзе стаяць ачышчальныя збудаванні. Вада ў бетонных рэзервуарах сапраўды выглядае даволі чыста. Але мы прасачылі, куды гэтая вада сцякае, і знайшлі калодзеж, дзе яна змешваецца з магутным струменем брунатнай, надзвычай смуродлівай вадкасці.

Я спрабую падыйсці бліжэй да камеры, але аператар адыходзіць увесь час назад, бо, пасля таго як я спусціўся ў калодзеж на тэрыторыі Лідскай ЖКГ, ад мяне сыходзіць моцны пах каналізацыі. На вопратцы засталіся нейкія парэшткі фекаліяў, а вада, якую я набраў у калодзежы, мае выразна брунатны колер. Рука, якую я апускаў у гэтую вадкасць, каб набраць узор, цяпер, хаця я памыў яе ўжо вадою, усё роўна застаецца ліпкай і пячэ. Адчуваю пячэнне на сваёй скуры.

Куды ж цячэ гэтая атрута? Каб праверыць гэта, мы разам з мясцовымі актывістамі паставілі эксперымент. Кінулі ў смуродлівы калодзеж на тэрыторыі ЖКГ пластыкавую бутэльку і пачалі чакаць, ці выплыве яна з трубы, якую мы паказалі напачатку – той, што злівае вадкасць у мясцовую экасістэму. І яна выплыла!

Які ж маштаб праблемы?

Уверх па плыні Дзітвы вада празрыстая і пакрытая гарлачыкамі. З боку ж каналу, які цячэ ад ачышчальных канструкцыяў Лідскай ЖКГ, і упадае ў раку Дзітву, насоўваецца мутнае воблака, якое афарбоўвае і ўсю раку ўніз па плыні.

Апрача Дзітвы мы выявілі забруджанне і ў рацэ Астраўлянка, якая таксама злучаецца са згаданым каналам. Далей, праз раку Лідзейку, атрута, падобна, дасягнула ўжо і Нёмну, дзе труціць не толькі рыбу, але і людзей.

«Мы з маім сынам паехалі ў Бярозаўку да бацькоў і вырашылі пакупацца ў Нёмне. І ўвечары ў нядзелю ў майго сына была вельмі моцная тэмпература, а ў мяне на скуры высыпала чырвонымі плямамі. Пазней я даведаўся, што гэта алергічны дэрматыт», – кажа жыхар Горадні Мечыслаў Супрон.

Кіраўніцтва ж Лідскай ЖКГ цвердзіць, што «нічога няма».

«У нас чыстая вада выходзіць», – кажа начальнік участку ачысткі Лідскага ЖКГ.

Праз два тыдні пасля таго, як жыхары Лідчыны выявілі забруджанне, камунальнае прадпрыемства, хоць і з меншай інтэнсіўнасцю, але ўсцяж працягвае атручваць наваколле. Праблема пашыраецца з кожным днём, у той час як Лідская ЖКГ усцяж адмаўляе яе існаванне.

Станіслаў Івашкевіч, Юрась Дзяшук, «Белсат»