Эйфарыя пасля добраахвотнай адстаўкі прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна ў Арменіі паступова згасае. Перамовы аб змене ўлады запланаваныя толькі на сераду, а сёння ў армянскай сталіцы няма месца ані палітычным спрэчкам, ані святкаванням. 24 кастрычніка – асаблівы дзень для краіны – Дзень памяці ахвяраў генацыду.
Ранішні Ерэван перапоўнены аптымізмам. Учорашні дзень у армянскай сталіцы скончыўся танцамі, песнямі, а таксама зваротам да народу наваспечанага прэзідэнта краіны Армэна Саргсьяна, на думку якога, прычынаю пратэстаў у краіне сталі «назапашаная незадаволенасць» і «адсутнасць веры ў будучыню».
«Хачу даць ацэнку мудраму рашэнню прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна. Сваім рашэннем ён не толькі выключыў якое-небудзь сутыкненне, праявы недысцыплінаванасці або канфлікту, якія маглі прывесці да непрадказальных наступстваў, але адкрыў дыялог для грамадства, розных палітычных сілаў», – звярнуўся да народу прэзідэнт Арменіі Армэн Саргсьян (амаль аднафамілей былога прэм’ера).
А пакуль цяперашнія ўлады ацэньваюць тое, што адбылося, апазіцыя рыхтуецца змагацца за ўладу і агучвае планы.
«На нашым парадку некалькі пытанняў. Першае – адстаўка Сэржа Саргсьяна з пасады прэмʼер-міністра. Другое – Нацыянальны сход Арменіі прызначае прэмʼер-міністрам кандыдата, якога вылучыць народ. Пасля прызначэння прэмʼер-міністра будзе прызначаны часовы ўрад. Затым у Арменіі за разумныя, але максімальна сціснутыя тэрміны мусяць адбыцца пазачарговыя парламенцкія выбары», – заяўляў лідар фракцыі «Елк» Нікол Пашыньян.
Першы пункт развязаны, а ўжо ў сераду, 25 красавіка, Нікол Пашыньян плануе правесці перамовы з в.а. прэмʼер-міністра Карэнам Карапэт’янам з нагоды астатніх трох пунктаў.
Сёння ж у Арменіі зрабілі паўзу, і сучасная палітыка адышла на другі план. 24 красавіка штогод армяне ўспамінаюць ахвяраў адной з самых трагічных падзеяў у гісторыі народу – масавага забойства армянаў у Асманскай імперыі ў 1915 годзе.
Пры ўдзеле новаабранага прэзідэнта краіны прайшлі і афіцыйныя мерапрыемствы дзеля памяці пра гадавіну. Праўда, гэтым разам упершыню з 2000 года не адбылося факельнага шэсця, якое звычайна праходзіць 23 красавіка.
Як паведамляюць арганізатары, такое рашэнне прынялі ў сувязі з палітычнаю сітуацыяй у краіне.
Крыху пазней уласную мемарыяльную цырымонію правялі і прадстаўнікі апазіцыі.
Ад тэмаў мінулага да тэмаў надзённай палітыкі вярнуліся ўжо ў другой палове дня падчас палітычных кансультацыяў і прэс-канферэнцыі Пашыньяна і ягоных паплечнікаў. На думку лідараў апазіцыі, цяпер парламент павінен прызначыць прэмʼера, якога абярэ народ.
«Патрабаванне Пашыньяна – каб абралі прэмʼера, якога прыме народ. Гэта чыста тэхнічна цяжка зразумець. Хто, калі не Нікол. Нікола, я думаю, усе прымуць. Жадае ён сам быць прэм’ерам – не ведаю, ён не агучваў. У любым выпадку, гэта будзе часовы прэмʼер да парламенцкіх выбараў», – лічыць медыяэксперт Самвэл Марцірасян.
Увечары стала вядома, што Нікол Пашыньян выказаў гатовасць узначаліць урад.
Ці пагодзіцца на гэта цяперашняя ўлада – будзе ясна ўжо ў сераду.
Міхась Ільін, Святлана Аўчарова, Аркадзь Несцярэнка; фота – Глеб Гараніч/Reuters