Лекары за свабодную Беларусь


А палову на восьмую раніцы белыя халаты зноў сталі ў ланцуг салідарнасці ў сталіцы. Працаўнікі Навукова-практычнага цэнтру хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі патрабавалі вызвалення сваіх калегаў. У суботу сілавікі зладзілі «хапун» на падыходзе да першага клінічнага шпіталю, дзе збіраўся Марш медыкаў.

«Чаму лекары выходзяць, мне здаецца, пытанне відавочнае. Як вельмі добра сказала адная са студэнтак, мы не паспяваем лячыць людзей, якіх вы калечыце. Мы выходзім супраць гвалту, мы выходзім супраць хлусні», – кажа псіхатэрапеўт Яўгенія Тачыцкая.

Каля двух дзясяткаў з амаль 60-ці затрыманых у суботу медыкаў трапілі да суда ў ізалятар на Акрэсціна. Сярод іх – Сяргей Папоў, адмысловец у цяжкіх псіхічных разладах ды шызафрэніі, які дасканала валодае яшчэ і англійскаю моваю.

«Я калега Сяргея і ведаю яго як цудоўнага прафесіянала, вельмі чулага доктара, з ім вельмі надзейна як у працы, гэтак і ў чалавечых стасунках», – распавяла псіхатэрапеўт Наталля Беразоўская.

«Я ведаю яго як вельмі добрага псіхіятра, цудоўнага выкладчыка, поўная павагі і, вядома, прыйшла яго падтрымаць», – распавяла псіхатэрапеўт Яўгенія Тачыцкая.

Уролаг, што ўваходзіць у міжнародныя асацыяцыі Еўропы і ЗША, рэнтгенолаг, якіх усяго 8 на ўсю Беларусь, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, а таксама хімік з анкалагічнага навукова-практычнага цэнтру ды яшчэ шмат вузкаспецыялізаваных дактароў высокай кваліфікацыі гэтаксама апынуліся за кратамі. Тыя ж, каго адпусцілі пасля складання пратаколаў, яшчэ рызыкуюць атрымаць пакаранне ў выглядзе арышту. Паседжанні суда прызначаныя на заўтра і паслязаўтра.

«Нічога кепскага не зрабілі гэтыя медыкі, студэнты, якіх цяпер адлічаюць, тыя, каго з працы цяпер звальняюць. Нічога кепскага мірнай дэманстрацыяй яны не зрабілі. Калі б я была на месцы медыкаў, я б таксама пайшла туды і гэтак жа сама пратэставала».

«Бязмежжа… Медыкі ў гэты складаны момант мусяць быць на працы».

«Лекары ў нас цяпер на вагу золата. Таму з лекарамі трэба сур’ёзна разбірацца, адпускаць, лячыць няма каму. Вы ж бачыце, якая хваля ідзе?»

Затрыманы доктар вымушана пакідае на нейкі час пацыента без дапамогі. Аднак праблема можа мець больш доўгатэрміновыя наступствы, мяркуе Аляксандр Мрочак, былы кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялогія». Паводле яго, ужо цяпер дэфіцыт кадраў у медыцыне складае каля чатырох тысяч чалавек.

«Я ведаю, што некаторыя медычныя працаўнікі пакінулі краіну ў сувязі з пратэстамі і затрыманнямі. Вядома, гэта не здорава, не мусіць дзяржава так рэагаваць на выхад дактароў на плошчу, каб сказаць: не трэба нашых грамадзянаў калечыць», – мяркуе былы кіраўнік РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак.

Зʼязджаюць і спецыялісты, што валодаюць высокатэхналагічнымі падыходамі ў лячэнні. Пры гэтым лепшыя заробкі прапаноўваюць цяпер нават Расея і Украіна. Масавы ж адток кадраў з Беларусі, паводле Аляксандра Мрочака, можа справакаваць рост нават тых хваробаў, пра якія цяпер беларусы амаль забылі.

Юлія Лабанава, «Белсат»