Ледавіковы перыяд-2020. Расейскі Уладзівасток замярзае

Уладзівасток ужо шосты дзень змагаецца з наступствамі прыроднага катаклізму. Без цяпла і асвятлення дагэтуль жывуць больш за 60 тысяч жыхароў. Ваду людзі здабываюць падаграючы… снег.

Пацярпелым ад ледзянога дажджу жыхарам Уладзівастоку, якія амаль тыдзень жывуць без святла і цяпла, дапамагаюць 2500 валанцёраў. Развозяць ежу, прапаноўваюць пераначаваць і падсілкаваць электрапрылады. Хто можа, перасоўваецца аўтамабілем да бензастанцыяў, каб заладаваць мабільныя тэлефоны. Перамяшчэнню пешшу ўмовы не спрыяюць.

На дапамогу прыходзяць і мясцовыя бізнесоўцы, якія бясплатна раздаюць ежу і прапаноўваюць душ.

«Цырульні клічуць бясплатна ў іх памыць галаву, і мы вас напоім гарбатай і можна ў нас падладаваць тэлефон, і ў кавярню клічуць да сябе што-небудзь з’есці», – кажа Вольга Карачаеўская, жыхарка Уладзівастоку.

На сайце Мінабароны паведамляюць, што Прыморскаму краю надаецца ўся неабходная дапамога, размяшчаюцца палявыя кухні. На партале выдання «Уладзівасток навіны» паведамляюць пра падключэнне камунікацыяў у некалькіх жылых масівах.

«Камунальныя службы працуюць, ну, наагул рух ідзе, пасля такой стыхіі выжыць і, як кажуць, хуценька скаардынаваць усе дзеянні – таксама няпроста», – сцвярджае Арцём Маісеенка, «Адзіная Расея».

Але ў сацыяльных сетках людзі абураюцца.

«Усе, з кім я размаўляю, усе людзі ў гарадской групе, яны ўсе пішуць, што нас кінулі, што гаспадароў гораду проста не відаць, нічога не робіцца. Усё, што робіцца, робіцца рукамі саміх людзей. 09,57 Людзі выходзяць з нейкімі кувалдамі: калупаць гэтыя лесвіцы каля свайго дому, выходзяць збіраць гэта ламачча», – адзначае Вольга Карачаеўская.

Мясцовыя ж улады нават не паведамляюць жыхарам, калі можна разлічваць на аднаўленне камунікацый гораду.

Валерыя Кірычова, Белсат

Глядзі таксама