Леанід Кулакоў: «Таварышы сядзяць, а я на свабодзе. Гэта няправільна»


Працяг судовага канвееру ў Менску. Удзельнікаў акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 7 і 8 снежня судзяць адразу ў некалькіх судах, ледзь не адначасова.

Напярэдадні ўвечары людзі ў цывільным затрымалі актывіста «Моладзевага блоку» Стаса Шашка ў пад’ездзе ўласнага дому. Увесь вечар і ўсю раніцу ягоныя сябры ды паплечнікі спрабавалі даведацца, дзе маладзён. Знайшлі ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы. Таццяна Мотыль прысудзіла актывісту 15 содняў за актыўны ўдзел у акцыі 20 снежня супраць інтэграцыі з Расеяй.

«Я была гатовая маральна, бо мне ўжо распавялі пра суддзю, што яна дае вялікія тэрміны. Канечне, было цяжка, асабліва калі мне сёння патэлефанавала мама сябра сына. У мяне адбыўся нервовы зрыў, я расплакалася», – распавядае матуля актывіста Ірына Лазар.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

У часе працэсу над Стасам Шашком маці актывіста выгналі з залы за размову з сынам. Не дазволілі і перадаць ежы ды цёплай вопраткі. Маўляў, што можна, а што не, пастанаўляе канвой. Яшчэ адзін актывіст, які сустрэне Новы год на Акрэсціна, – Леанід Кулакоў. Яго судзілі адразу паводле трох эпізодаў: за акцыі 7, 8 і 20 снежня. У выніку – 10 содняў арышту. На суд Кулакоў прыйшоў падрыхтаваным да зняволення.

«Незалежнасць Беларусь для мяне важнейшая за асабістую свабоду. За яе я буду выходзіць на Плошчу. У любым выпадку, што б мне сёння не далі… Усе мае таварышы ўжо сядзяць. А я яшчэ на свабодзе. Гэта няправільна», – зазначыў актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў.

На 15 содняў зняволілі аднаго з кіраўнікоў КХП-БНФ Алеся Чахольскага. Бальшыню ж актывістаў, сярод якіх Юрый Губарэвіч, Мая Навумава, Галіна Лагацкая, Дзяніс Юркевіч, Пётр Маркелаў, пакаралі буйнымі штрафамі.

«У маім выпадку 30 базавых азначае тое, што ўлада вырашыла, што трэба браць грашыма. Але маглі б узяць і суткамі. Гэта проста абсурд, калі за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці, у падтрымку суверэнітэту грамадзянаў караюць судовымі выракамі», – кажа старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Паводле праваабаронцаў, гэткія судовыя працэсы – відавочнае парушэнне фундаментальных правоў чалавека. Бо, паводле Канстытуцыі, кожны грамадзянін мае права на мірныя сходы.

«Мы маніторылі гэтыя мірныя сходы 7, 8 і 20 снежня, і па нашых ацэнках гэта былі класічныя мірныя сходы, якія безумоўна падлягаюць абароне. І за ўдзел у гэтых сходах па ўсіх міравых стандартах чалавека нельга прыцягваць да адказнасці», – кажа прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Наталля Сацункевіч.

І сёлета гэта не апошні судовы канвеер. 30 снежня чакаюцца 12 судоў у справах актывістаў. Яшчэ пяцёх выклікалі ў РУУС для складання пратаколаў.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu