Ланцугом па інтэграцыі: апазіцыя кліча да новай формы пратэсту

Планаваны мітынг у абарону незалежнасці стане «жывым ланцугом» – вырашыў арганізацыйны камітэт акцыі 29 снежня. Таксама на прапанову «Моладзевага блоку», пратэстную акцыю перанеслі з 12-й на 15-ю гадзіну.

Каля менскага Галоўпаштамту распачнецца жывы ланцуг у абарону незалежнасці, які паўстане ўздоўж менскага праспекту Незалежнасці на знак пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі ды Расеі. Гэта новы фармат пратэстаў, да якога заклікаюць лідары апазіцыйных палітычных сілаў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Рашэнне было прынятае без Паўла Севярынца, яго затрымалі па дарозе на сустрэчу. Палітык заклікаў да мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Галоўная прычына змены фармату – ціск і рэпрэсіі ўладаў, кажуць арганізатары антыінтэграцыйных пратэстаў.

«Дзясяткі пратаколаў на больш актыўных удзельнікаў акцый зараз на разглядзе ў судзе. Гэта ўсё можа дазволіць уладам запусціць рэпрэсіўную машыну. І дэцэнтралізацыя дазволіць атрымаць бяспеку ўдзельнікам і дазволіць правесці самую акцыю», – кажа лідар Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Паводле арганізатараў, падчас жывога ланцуга будуць адбывацца перформансы, а таксама збор подпісаў да міністра эканомікі з патрабаваннем абнародаваць змест усіх інтэграцыйных дарожных мапаў. Пачатак жывога ланцуга прызначылі на 15-ю гадзіну гэтай нядзелі.

«Мы падтрымліваем ідэю «ланцуга», прапанавалі таксама больш спяваць песні, якія аб’ядноўваюць людзей. Да прыкладу, скласці якісьці плэй-ліст», – кажа сябра «Моладзевага блоку» Яўгена Каравулава.

Лідары апазіцыйных палітычных сілаў таксама заяўляюць пра высокія пратэставыя настроі ў грамадстве, якія могуць мець вялікае значэнне ў крытычныя моманты інтэграцыйных падзеяў, а таксама падчас прэзідэнцкіх выбараў налета, падрыхтоўка да якіх пачынаецца ўжо цяпер.

«У нас адбудзецца нарада ў больш шырокім складзе, чым правацэнтрысцкая кааліцыя. І я перакананы, што нам удасца выпрацаваць механізм вылучэння адзінага кандыдата. І ўжо вясной мы распачнем супольную кампанію ў яго падтрымку, а таксама ў абарону незалежнасці Рэспублікі Беларусь», – паведаміў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Лідары апазіцыйных палітычных сілаў заклікаюць грамадзянаў у розных гарадах Беларусі таксама пратэставаць і падтрымліваць маральна і матэрыяльна актывістаў, якія зведалі ціск і рэпрэсіі.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Шэсця не будзе: арганізатары пратэстаў супраць інтэграцыі змянілі фармат

Глядзі таксама