Куточак Грузіі ў Менску


Трапіць у Грузію, не выязджаючы з Менску, мог сёння кожны, хто прыйшоў у Верхні горад. Пяты – юбілейны – фестываль грузінскае культуры «Тбілісоба» сабраў тут вялікую колькасць гасцей.

Толькі летась «Тбілісобу» наведалі каля 100 тысячаў чалавек. Сёлетні фестываль праходзіць пад знакам сяброўства і яднання двух народаў. Што ж, пойдзем пашукаем, а што у нас агульнага.

Арганізатары называюць фестываль «святам з грузінска-беларускім характарам». Што скажуць госці?

«Мы ўмеем усміхацца і радавацца. І мы і грузіны, я ўпэўнены».

«Мы такія ж адкрытыя людзі, як і грузіны. Я ўзгадваю гасціннасць грузінскую. Гэта тое, што нас аб’ядноўвае».

«Я валяю шапкі з воўны. А агульнае ў беларусаў і грузінаў – гэта любоў да авечак. Тому што ўсе любяць шашлык, лявец, валёнкі. Авечка – гэта сапраўды файная жывёла, якая можа і накарміць, і абагрэць», – распавяла Наталля Ярмалінская, майстрыха традыцыйных рамёстваў.

Гасцей сталіцы чакалі 40 фудкортаў з традыцыйнай ежай і напоямі усіх дванаццаці рэгіёнаў Грузіі.

Сябры, уявіце сабе, як нам цяжка сёння працаваць. Мы цяпер у Верхнім горадзе. А духмяны пах грузінскае кухні чуваць і на праспекце Незалежнасці, і на Кастрычніцкай плошчы.

Але не хлебам адзіным! Грузія – гэта музыка, Грузія – гэта спевы і танцы.

Сёння тут можна пачуць паліфанію. Знакамітае грузінскае шматгалоссе. Гурт «Швідкаца».

Сёлета «Тбілісоба» не абмежавалася адною галоўнаю сцэнаю. Паслухаўшы «Швідкацу», «Ірыяо» і «Мгзаўрэбі» на некалькіх пляцоўках можна было павучыцца нацыянальным грузінскім танцам.

А сапраўдны сюрпрыз гасцей чакаў наперадзе. Сёлетні фестываль наведаў вядомы экс-футбаліст і цяперашні мэр Тбілісі Каха Каладзэ.

«Мы вельмі радыя, што паміж беларусамі і грузінамі ёсць вельмі цёплая атмасфера. Гэта трэба цаніць, гэта трэба захаваць!», – лічыць Каха Каладзэ, мэр Тбілісі.

Ён таксама наведаў вяселле, на якім сімвалічна ў старадаўніх абрадавых традыцыях на знак яднання ажанілі беларуску ды грузіна.

«Летась я казаў, што мару хоць на адзін дзень пераўтварыць горад Менск у Грузію. Вось мая мара здзейснілася сёння. Дзякуй усім вам!», – сказаў Валерый Кварцхелія, надзвычайны і паўнамоцны пасол Грузіі ў Беларусі.

З кожным днём Грузія і сапраўды паступова становіцца бліжэйшаю да Беларусі, бо, паводле амбасадара, кошты авіяпералётаў да канца года з Менску мусяць знізіцца. І гэта будзе справядліва. Бо Беларусь уваходзіць у дзясятку краінаў, жыхары якіх часцей за іншых наведваюць Грузію.

Таццяна Уласенка, belsat.eu