Курс беларускага рубля цяпер – цалкам рынкавы


Гэтак у Нацыянальным банку пракаментавалі рашэнне адмяніць абавязковы продаж валюты для прадпрыемстваў. А менавіта – абавязак юрыдычных асобаў здаваць 10 адсоткаў усіх атрыманых замежных грошай.

Чацвёрты месяц запар умацоўваецца курс беларускага рубля ў дачыненні долара. Агулам жа за апошнія паўтара года яго ваганні не перавышалі 10 %.

Як заяўляе Нацыянальны банк, стабілізацыя айчыннай валюты адбылася без штучнага ўмяшання эканамічных органаў кіравання. У пацвярджэнне гэтаму рэгулятар адмяніў апошні перажытак часоў кантраляванага абменнага курсу – квоту на абавязковы продаж валюты прадпрыемствамі.

«Гэта быў дастаткова доўгі і паступовы працэс, цягам некалькіх гадоў паступова зніжалася норма абавязковага продажу валюты», – кажа Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari»

Адмыслоўцы тлумачаць: гэтая захада была неабходная, калі курс рубля быў завышаны і мог рэзка абваліцца ў любы момант. Праз гэта фірмы неахвотна куплялі рублі, прыходзілася прымушаць. Цяпер непасрэднай пагрозы рэзкай дэвальвацыі не назіраецца, і прадпрыемствы здаюць 47 % угандляванай валюты – амаль у 5 разоў болей, чым ад іх патрабавалася пастановай, якая цяпер адмененая. Але доўгатэрміновыя перспектывы рубля аналітыкі прагназаваць не бяруцца, адзначаючы шэраг рызык. Перадусім – вялікі замежны доўг і кепскія фінансы прадпрыемстваў.

«Сітуацыя прадпрыемстваў, асабліва, што тычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў – дастаткова складаная. Пастаянна расце колькасць стратных прадпрыемстваў, расце сума іх стратаў», – дадае Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari».

Цяпер сусветная эканоміка перабывае ў фазе пад’ёму дзелавога цыклу. Гэта спрыяе і росту беларускай гаспадаркі. Перадсусім – праз высокія кошты на нафту. Але ўслед за фазаю пад’ёму непазбежна надыходзіць спад дзелавога цыклу. Калі для краінаў са збалансаванаю гаспадаркаю гэта будзе азначаць павольнейшы рост, чым дагэтуль, то для Беларусі ён можа выліцца ў чарговы крызіс. Ці чакаюць яго беларусы і калі?

Жыхары Менску:

«Мне падаецца, мы – у самым разгары крызісу і я ня бачу, каб неяк лепш стала».

«Думаю, усё толькі да лепшага ідзе».

«Я ня ведаю, можа ён ужо прайшоў, але я не хачу чакаць наступнага, таму пераязджаю жыць у іншую краіну».

Адмыслоўцы падсумоўваюць: пакуль улады не друкуюць пустых грошай, курс нацыянальнай валюты будзе заставацца стабільны. Але падзенне коштаў на нафту, якое чакаецца ў бліжэйшыя 2–3 гады, можа паставіць улады перад выбарам: рэзкая дэвальвацыя ці рэзкі скачок беспрацоўя.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»