Курапаты апынуліся пад катком


З заходняга боку Курапатаў, ля забаўляльнага комплексу «Паедзем, паядзім», грамадскія актывісты працягваюць змагацца за тое, каб скандальны рэстаран зачыніўся. А з усходняга – у народны мемарыял завезлі дарожныя каткі. Яны рушылі да самага цэнтру ўрочышча, які называюць Курапацкай Галгофаю.

«Па гэтай дарозе мы бачым глыбокія такія сляды ад гэтых машынаў, то бок, адкрытая такая рана, і Галгофа крычыць, каб усё ж такі навялі там парадак. Я не ведаю, калі гэта будзе зроблена…» – расказвае Ганна Шапуцька, ініцыятыва «За ўратаванне Курапатаў».

Спецтэхніка ўнітарнага прадпрыемства «Гардарматэрыялы» утрамбоўвае цэнтральную дарогу са жвіру, але пакідае за сабой глыбокія каляіны. Мы паспрабавалі атрымаць каментар у рабочых Бараўлянскага спецлясгасу, але марна.

А ў нізіне, дзе пракапалі траншэю для адводу вады, утварылася вялізная лужына, якая падтапіла частку мемарыялу разам з крыжамі. Паабапал – сляды неахайнай працы.

Паваленыя крыжы, заваленыя бураломам. Гэтак рабочыя дзяржаўных структураў «наводзяць парадкі» у Курапатах – адным з найбуйнейшых у Еўропе і краінах СНД мемарыялаў. І ўсё гэта – напярэдадні нацыянальнага дня памінання продкаў – Дзяды.

Перад урачыстым шэсцем адказны сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі наведаў Курапаты. Усталяванне тут афіцыйнага помніку, чым цяпер і займаюцца ўлады, ён лічыць пагрозаю мемарыялу і спробаю дзяржавы ў будучым абмежаваць яго наведванне:

«Маё права сюды прынесці і не пытацца ў дзяржавы, дзе паставіць крыж. Вось магіла, ён лічыць, што дзед ягоны тут. Чалавек вось прынёс мне даведку і паказаў, што вось, дзед мой расстраляны ў 38-м годзе ў Менску. Паставілі крыж тут. І на гэта не можа быць манаполіі дзяржавы. Мы ўсё тут ужо ўладкавалі і зрабілі».

Затое рабочым Спецлясгасу ў гэтак званым навядзенні парадкаў узяўся дапамагаць актыў прадзяржаўнай арганізацыі «Белая Русь». 27 кастрычніка яны плануюць правесці тут суботнік.

Таццяна Уласенка, belsat.eu